Мінск 14:35

Рассельгаснагляд дамагаецца забароны на ўезд у РФ для беларускага кіроўцы — за дзве спробы нелегальнага ўвозу кармоў

Ілюстрацыйнае фота: rawpixel.com / freepik.com

16 красавіка, Позірк. У памежнае ўпраўленне ФСБ Расіі па Смаленскай вобласці пададзенае хадайніцтва аб забароне на ўезд у РФ для грамадзяніна Беларусі Емяльянава В. А., паведаміла 16 красавіка Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Нагодай стала “неаднаразовае грубае парушэнне <…> правілаў перамяшчэння паміж краінамі Еўразійскага саюза тавараў, якія трапляюць пад дзяржаўны ветэрынарны кантроль”.

Паведамляецца, што 14 красавіка Емяльянаў спрабаваў увезці ў Расію з Беларусі 2 тоны кармоў сербскага паходжання для непрадуктыўных жывёл, не маючы пры сабе ветэрынарных і таварна-суправаджальных дакументаў; 27 сакавіка — больш за 2,7 т аналагічных кармоў.

Хто з’яўляецца адпраўніком і атрымальнікам кармоў, мужчына патлумачыць не здолеў.

У абодвух выпадках груз быў вернуты ў Беларусь, а парушальнік прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч. 2 арт. 10.8 КаАП РФ.

Падзяліцца: