Мінск 13:51

Пракуратура папракнула некаторыя школы Мінскай вобласці ў парушэнні працэсу “патрыятычнага выхавання”

Архіўнае відэа: тэлеканал АНТ / стоп-кадр: "Позірк"

23 лютага, Позірк. Пракуратура Мінскай вобласці выявіла “шэраг парушэнняў” у арганізацыі “грамадзянска-патрыятычнага выхавання” школьнікаў, паведамляе прэс-служба нагляднага органа.

Паводле інфармацыі ведамства, у шэрагу школ “не выкананыя ўсе запланаваныя мерапрыемствы”. У прыватнасці, “не арганізаванае напоўніцу наведванне вучнямі памятных месцаў у шосты школьны дзень, у канікулярны і навучальны перыяды”.

Акрамя таго, “мела месца неналежнае функцыянаванне аб’яднанняў паводле інтарэсаў, факультатываў патрыятычнай накіраванасці і вайскова-патрыятычных клубаў”.

“У ходзе наглядных мерапрыемстваў высветлена, што пры прызначэнні кіраўнікоў па вайскова-патрыятычным выхаванні навучэнцаў не заўсёды надавалася належная ўвага ўзроўню іх кваліфікацыі і профільнай адукацыі. Некаторыя спецыялісты дапускалі фармальны падыход да выканання абавязкаў і не забяспечвалі выкананне планавых мерапрыемстваў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Недахопы адзначаныя ў працы аддзелаў па адукацыі шэрага раёнаў Мінскай вобласці, якія “недастаткова эфектыўна ажыццяўлялі ведамасны кантроль за гэтай сферай дзейнасці”.

Пракуратура падкрэсліла, што на моладзь “ускладзеная асаблівая місія — захоўваць і памнажаць гістарычную спадчыну беларускага народа, абараняць нацыянальныя каштоўнасці, актыўна ўдзельнічаць у эканамічным, навуковым і культурным развіцці краіны, забяспечваючы яе ўстойлівую будучыню”.

Для гэтага дзяржава, як сцвярджаецца, “фармуе ў новага пакалення павагу да гісторыі Айчыны, культурнай спадчыны і гатоўнасць да абароны Радзімы”.

На думку нагляднага органа, “сістэмная ідэалагічная, грамадзянская і патрыятычная праца прадухіляе ўцягванне непаўналетніх у супрацьпраўную дзейнасць”.

Мілітарызацыя дзяцей “будуецца на страху Аляксандра Лукашэнкі перад новым пакаленнем, якое можа кінуць яму выклік”, гэта не выпадковасць, а “стратэгія выжывання рэжыму”, гаворыцца ў дакладзе “Дзеці без будучыні: мілітарызацыя дзяцінства ў Беларусі”.

Дакумент, падрыхтаваны аб’яднаннем BelPol і Народным антыкрызісным упраўленнем (НАУ), прадстаўлены 23 кастрычніка 2025 года ў Варшаве.

Як паведамляў “Позірк”, каля 2 тыс. “кіраўнікоў па вайскова-патрыятычным выхаванні” задзейнічана ў сістэме сярэдняй адукацыі Беларусі, вынікае з інфармацыі, размешчанай у метадычках для членаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп да чарговага “адзінага дня інфармавання”.

Алімпіяднікі і медалісты змогуць без іспытаў ісці ў ВНУ на спецыяльнасць па "вайскова-патрыятычным выхаванні"

19 лютага, Позірк. Напрамак "Фізічная культура. Вайскова-патрыятычнае выхаванне" дададзены ў пералік спецыяльнасцяў, на якія не трэба здаваць іспыты пры паступленні ў ВНУ, вынікае з пастановы Міністэрства адукацыі № 31 ад 10 лютага. Згодна з дакументам, апублікаваным 18 лютага на Нацыянальным …
Падзяліцца: