Мінск 16:41

Траіх замежнікаў падазраюць у разбоі на замову ў Смалявіцкім раёне (абноўлена)

Фота: Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз

16 лютага, Позірк. Пра прадухіленне ўзброенага разбою ў адным з прыватных дамоў у Смалявіцкім раёне (Мінская вобласць) паведаміла 16 лютага прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Гэта адбылося каля 4:00. Трое “ўзброеных зламыснікаў” аказалі супраціў, “міліцыянеры выкарысталі аўтаматычную зброю”.

Двух нападнікаў затрымалі адразу. Трэці, маючы пры сабе зброю, уцёк, але пасля непрацяглых пошукаў таксама быў затрыманы.

Паводле інфармацыі МУС, “нападнікамі выявіліся замежныя грамадзяне, аднаму з іх 17, дваім — па 18 гадоў”.

“З улікам таго, што напад носіць замоўны характар, да разбіральніцтва падключаныя супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола. Трое пацярпелых (1958 і 1962 гадоў нараджэння) дастаўленыя ў бальніцу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Дапаўненне.

Следчы камітэт удакладніў, што напад адбыўся ў прыватным доме ў аграгарадку Будагава. Паводле звестак ведамства, разбіўшы акно, замежнікі ўварваліся ў дом і нанеслі множныя траўмы 63‑гадоваму гаспадару, яго 65‑гадовай жонцы і 67‑гадоваму брату.

У доме была ўсталяваная трывожная кнопка Дэпартамента аховы МУС, якую, як адзначаецца, гаспадар жылля паспеў націснуць перад разбіццём акна. Пасля гэтага “супрацоўнікі міліцыі, якія аператыўна прыбылі на месца, заблакавалі домаўладанне і адразу затрымалі двух нападнікаў”, трэці “паспрабаваў уцячы з пісталетам, але быў затрыманы на тэрыторыі Смалявіцкага раёна”.

“Пацярпелыя шпіталізаваныя, цяпер высвятляецца ступень цяжкасці атрыманых імі цялесных пашкоджанняў”, — паведамілі ў СК.

“На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Следчым з прыцягненнем спецыялістаў упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці праводзіцца агляд, фіксуецца следавая карціна”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: