Мінск 05:11

Тры былыя менеджары БЧ прысуджаныя да пазбаўлення волі за хабар — “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”

Ілюстрацыйнае фота: Bermix Studio / unsplash.com

15 снежня, Позірк. Тры былыя менеджары Беларускай чыгункі — Віталь Панюшэнка, Фёдар Шулянкоў і Аляксандр Іваноў — прыгавораныя да пазбаўлення волі рашэннем суда Ленінскага раёна Мінска. Пра гэта паведамляе медыяпраект “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі” (СЧБ).

Прысуд вынесены 13 снежня. Панюшэнку прызначана 7 гадоў зняволення, Шулянкову — 5 гадоў, Іванову — 4 гады.

Паводле інфармацыі СЧБ, першыя двое прызнаныя вінаватымі паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры), Іваноў — паводле ч. 2 гэтага ж артыкула (атрыманне хабару ў буйным памеры).

14 кастрычніка 2024 года “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі“ паведаміла аб затрыманні трох менеджараў службы перавозак БЧ. Пад варту былі ўзятыя начальнік службы Віталь Панюшэнка; яго намеснік — начальнік Цэнтра кіравання перавозкамі (ЦКП) Фёдар Шуленкоў; першы намеснік начальніка ЦКП — кіраўнік аператыўна-распарадчага аддзела Аляксандр Іваноў. Паводле папярэдняй на той момант інфармацыі, у дачыненні да іх была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 430 КК (атрыманне хабару).

СМІ і іншыя крыніцы рэгулярна пішуць пра злоўжыванні на БЧ.

3 чэрвеня 2024 года “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі” са спасылкай на свае крыніцы паведаміла аб затрыманні па падазрэнні ў карупцыі першага намесніка начальніка БЧ Пятра Дулуба, а ў канцы ліпеня — намесніка начальніка Сяргея Сізіна і галоўнага інжынера Сяргея Навадворскага.

13 чэрвеня прэс-служба МУС паведаміла аб выкрыцці супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС карупцыйнай схемы, якую “стварыў і курыраваў адзін з кіраўнікоў БЧ”. Сцвярджалася, што падчас ператрусаў у загарадным доме аднаго з фігурантаў было выяўлена больш за 3 млн долараў ЗША. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 430 КК.

14 чэрвеня на нарадзе з урадам Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што за карупцыйныя злачынствы пад следствам знаходзіцца сярод іншых Дулуб, які быў зняты з пасады пастановай урада.

У жніўні 2025 года Дулуб быў прысуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі. Дзякуючы ўжытаму закону аб амністыі тэрмін быў скарочаны на 1 год — да 10 гадоў зняволення. Паведамлялася, што Дулуб таксама аштрафаваны на 5 тыс. базавых велічынь (210 тыс. рублёў), канфіскаваныя ў яго больш за 2,8 млн долараў і каля 300 тыс. еўра звернутыя ў даход дзяржавы.

Летась 12 жніўня Лукашэнка прызначыў начальнікам БЧ Валерыя Вярэніча, перавёўшы з пасады намесніка міністра транспарту і камунікацый. Прычыны звальнення папярэдняга кіраўніка Уладзіміра Марозава не былі названыя.

15 жніўня таго ж года стала вядома, што намеснік начальніка БЧ Сізін звольнены за парушэнне пісьмовага абавязацельства, прадугледжанага заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй.

Паводле звестак Вярхоўнага суда, якія раней прыводзіў “Позірк”, у студзені — чэрвені 2025 года за ўчыненне карупцыйных злачынстваў было асуджана 304 чалавекі — на 7,3% менш, чым за той жа перыяд 2024-га (328). З іх 84 прыгавораныя да пазбаўлення волі.

Падзяліцца: