Мінск 15:59

Еўрадэпутат Мажыліс паставіў перад ЕК пытанне пра рэагаванне на “гібрыдныя правакацыі” на фоне аэрастатаў з Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: LRT / Служба аховы дзяржмяжы Літвы

8 лістапада, Позірк. Праз інцыдэнты з масавым прылётам у Літву аэрастатаў з Беларусі дэпутат Еўрапейскага парламента Людас Мажыліс звярнуўся да Еўракамісіі.

“У апошнія месяцы ўсё часцей фіксуюцца выпадкі палётаў метэашароў невядомага паходжання з тэрыторыі Беларусі над тэрыторыяй Літвы, — адзначыў ён у афіцыйным запыце на атрыманне інфармацыі. — Падобныя гібрыдныя атакі з выкарыстаннем беспілотных лятучых апаратаў або іншых тэхнічных прылад таксама былі зафіксаваныя ў іншых еўрапейскіх краінах. У Даніі былі зафіксаваныя скаардынаваныя палёты дронаў над Капенгагенам, Олбаргам ды іншымі аэрапортамі, у выніку чаго паветраны рух быў часова прыпынены. Парушэнні паветранай прасторы, звязаныя з выведніцкай або дэстабілізавальнай дзейнасцю, таксама зафіксаваныя ў Польшчы, Румыніі, Германіі і Бельгіі”.

На яго думку, такімі “гібрыднымі сродкамі спрабуюць дэстабілізаваць еўрапейскі авіяцыйны сектар, зрываць грамадзянскія рэйсы, пагражаць бяспецы інфраструктуры аэрапортаў і выклікаць грамадскую паніку”. Гэтыя акты, канстатаваў еўрапарламентарый, “наўпрост парушаюць цэласнасць еўрапейскай паветранай прасторы і, адпаведна, Шэнгенскай зоны, фундаментальны прынцып свабоднага перамяшчэння асоб, а таксама могуць мець значныя наступствы для бяспекі і эканомікі ЕС”.

Падкрэсліўшы, што “бяспека грамадзянскай авіяцыі, устойлівасць крытычнай інфраструктуры і каардынаваная ацэнка гібрыдных пагроз адназначна тычацца кампетэнцыі Саюза”, Мажыліс удакладніў у Еўракамісіі, ці збірае і сістэматызуе яна “інфармацыю пра ўсё больш частыя палёты метэашароў і беспілотных лятучых апаратаў над Літвой ды іншымі дзяржавамі ЕС”?

Еўрапарламентарый таксама просіць адказаць, “калі Еўракамісія плануе распрацаваць механізм рэагавання на такога кшталту гібрыдныя правакацыі, скіраваныя супраць паветранай прасторы членаў ЕС”, а таксама “якія канкрэтныя прававыя і тэхнічныя меры, здольныя дапамагчы дзяржавам ЕС больш эфектыўна ідэнтыфікаваць, нейтралізаваць і прадухіліць выкарыстанне гэтых апаратаў для мэтаў дэстабілізацыі, Камісія плануе прапанаваць”.

Напрыканцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовымі выпадкамі масавага прылёту з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідвання цыгарэт.

Некалькі разоў Вільнюс часова закрываў пункты пропуску, 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня па мінскім часе) з магчымасцю падаўжэння.

У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.

Дакумент, па сутнасці, пашырыў забаронныя меры, прапісаныя ў пастанове ўрада № 247 ад 22 красавіка 2022 года “Аб перамяшчэнні транспартных сродкаў”. Тады зарэгістраваным у ЕС грузавым аўтамабілям і цягачам было дазволена перасякаць мяжу і рухацца толькі ў адмыслова адведзеныя месцы, каб перамясціць груз або перачапіць яго на транспарт, якому дазволена свабодна перамяшчацца па Беларусі.

У наступныя гады ўмовы неаднаразова ўдакладняліся, пастрожваліся, у тым ліку для польскіх перавозчыкаў.

7 лістапада Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Дзяржпагранкамітэта Канстанцінам Моластавым “даў указанні адносна дзеянняў беларускіх пагранічнікаў на мяжы з Літвой”. Пры гэтым іх сутнасць не раскрываецца.

Падзяліцца: