У Грузіі беларусы стаялі ў чарзе дні, каб падаць заявы на міжнародную абарону да пастрожання правіл з 1 кастрычніка — праваабаронца
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 1 кастрычніка 2025 года ў 10:38

30 верасня, Позірк. У Грузіі 1 кастрычніка набывае моц закон, які пастрожвае правілы для ахвочых звярнуцца па міжнародную абарону. З набліжэннем гэтай даты ўлады краіны істотна ўскладнілі ўмовы для патэнцыйных заяўнікоў, паведаміў “Позірку” беларускі праваабаронца Раман Кісляк, які там пражывае.
Паводле яго слоў, супрацоўнікі Дэпартамента міграцыі МУС спачатку абмежавалі колькасць талонаў на падачу адпаведнай заявы да пяці на дзень, а ў апошнія два тыдні — да двух. Суразмоўца адзначыў, што людзі ночаць пад ведамствам, у чарзе здараюцца канфлікты.
“Яны адмыслова абмежавалі колькасць падач, — адзначыў Кісляк. — Там (у чарзе. — “Позірк”.) былі і бойкі з раніцы, і ўсё. Я выклікаў паліцыю і ў крымінальную паліцыю пісаў і скардзіўся. Там людзі з розных краін: і пакістанцы, і індусы, і сірыйцы, і беларусы, і ўкраінцы. Сям’я кубінцаў там ночыла нейкі час”.
Паводле яго слоў, ля дэпартамента “людзі стаяць у чарзе цэлы дзень, не трапляюць туды”, перад ведамствам “няма навеса, няма лаўкі, людзі на зямлі сядзяць”, прыбіральня — “толькі пластыкавая” — ад будоўлі, што побач.
Да візіту ў Дэпартамент міграцыі Кісляк падрыхтаваў заяву з улікам новых акалічнасцяў, у тым ліку таго, што ў дачыненні да яго ў Беларусі распачалі крымінальную справу “за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання інтэрнэт-газеты “Позірк”. У дакуменце ён сярод іншага пазначыў, што ў верасні спрабаваў трапіць на прыём больш за дзесяць разоў, але беспаспяхова, бо пры ўсё больш абмежаванай колькасці талонаў “кожны дзень шмат ахвочых зарэгістравацца”.
“Разам са мной у гэтыя дні мінімум пяць беларусаў спрабавалі падацца на статус уцекачоў. Мы так і не трапілі ў Дэпартамент міграцыі”, — сказаў Кісляк. Паводле яго слоў, беларусы, якія не змаглі зарэгістраваць заявы, накіравалі іх поштаю, каб тыя былі разгледжаныя паводле старых правілаў.
Праваабаронца паведаміў, што ён ды іншыя беларусы накіравалі скаргі адносна гэтай сітуацыі ў МУС і амбудсмэну Грузіі. Кісляк пакуль не ведае, чаго чакаць, калі 1 кастрычніка набудзе моц закон “Аб міжнароднай абароне”.
“Грузінскія ўлады апошнія месяцы, практычна з ліпеня, калі прынялі закон (акт прыняты 26 чэрвеня. — “Позірк”.), ужо пачалі дзейнічаць, як паводле новага закона, сталі ўсіх затрымліваць. І адзін, дарэчы, беларус сядзіць там. І мы не ведаем, хто гэта. Ведаем толькі, што беларус”, — дадаў праваабаронца.
Раней паведамлялася, што грамадзяне Беларусі пачалі больш актыўна звяртацца па прытулак у Грузіі яшчэ ў траўні, калі стала вядома, што улады прынялі рашэнне спрасціць для сябе і ускладніць для замежнікаў працэдуру разгляду заяў.
Тады Кісляк адзначаў, што, “паводле розных ацэнак, не менш за 20–25 тыс. замежных грамадзян жывуць у Грузіі нелегальна, маюцца сярод іх і беларусы”. “Пасля прыняцця новага закона павялічыцца рызыка дэпартацыі — не выключаю, што і ў Беларусь таксама”, — казаў праваабаронца.
У адпаведнасці з новым законам сярод іншага уводзіцца скарочаная працэдура разгляду заявы на прытулак, сама заява мусіць быць пададзеная не пазней чым праз месяц пасля прыезду ў Грузію. Прадугледжваецца таксама магчымасць разгляду заявы наўпрост на мяжы, спрашчэнне і паскарэнне працэдуры дэпартацыі і выдварэння, увядзенне забароны на ўезд у Грузію пры нелегальным пражыванні ў краіне і парушэнні тэрмінаў абнулення перыяду знаходжання.
Падставай для прыняцця змен у міграцыйнае заканадаўства Грузіі стаў удзел замежных грамадзян у пратэстах супраць кіроўнай партыі “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі, якая стала на шлях канфрантацыі з Еўрасаюзам, а таксама абвінавачваецца апанентамі ў фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў у кастрычыніку 2024 года.
На сёння грузінскія ўлады не задаволілі ніводнага хадайніцтва грамадзян Беларусі на наданне прытулку. Найбольш вядомы кейс у Кісляка, які ў ліпені 2025 года беспаспяхова завяршыў праходжанне ўсіх унутраных працэдур абскарджання адмовы на прытулак. У яго скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта (яго немагчыма замяніць за мяжой пасля забароннага ўказа Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года). На працягу 30 дзён праваабаронца павінен быў пакінуць краіну, але ў жніўні Камітэт ААН па правах чалавека распачаў вытворчасць на падставе скаргі Кісляка супраць Грузіі і запатрабаваў не высылаць яго ў краіну паходжання.
- ЭканомікаБеларусь знаходзіцца на 3-м месцы ў ЕАЭС паводле росту коштаў на сельгаспрадукцыюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваУ Беларусі каля 900 тыс. чалавек пакутуе на хваробы касцёва-цягліцавай сістэмы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ГрамадстваУ Беларусі працягвае змяншаецца колькасць жанчын, у тым ліку рэпрадуктыўнага ўзростуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаАд пачатку кастрычніка агонь знішчыў альбо пашкодзіў чатыры адзінкі сельгастэхнікі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 9 кастрычніка — 23 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаУ РУП "Белпошта" заявілі, што могуць прымаць паштовыя адпраўленні з 220 краінМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка