Мінск 00:00

Рыжанкоў аб Польшчы: Нікуды яны не падзенуцца, адкрыюць мяжу

12 верасня, Позірк. “Нікуды яны не падзенуцца, мяжу адкрыюць”, — сказаў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у эфіры тэлеканала “Беларусь 1”, адказваючы на пытанне, ці адкрые Польшча мяжу пасля вучэнняў “Захад-2025”.

“Як я зараз мяркую, сваё заданне яны выканалі, паднялі вось гэтую сітуацыю на мяжы да неверагодных вышынь. Сёння ўсім у Еўропе праз СМІ патлумачылі, чаму выдаткоўваецца Польшчы такая вялізная сума грошай. То бок, усё гэта было зроблена для таго, каб ніхто не сказаў: “Слухайце, у нас сацыяльная праграма, інфраструктура, пенсіі”. Паглядзіце, што робіцца ў краінах Еўропы сёння, ЕС. І, вядома ж, разумныя галовы будуць задаваць пытанні. 50 мільярдаў у Польшчу на ваенку і на мяжу (гаворка ідзе аб выдзяленні 51 млрд долараў Польшчы з фонду ЕС SAFE на абарону. — “Позірк”.)”, — заявіў ён.

“Ну, гэта ж трызненне на самой справе. Ну, вось трэба было <…> паказаць, што не, гэта ўсё абгрунтавана, і гэтыя грошыкі трэба ўсё ж сюды. Ну, а як гэтыя грошы расходуюць, мы ж разумеем”, — лічыць чыноўнік.

Польскі ўрад, на думку Рыжанкова, “зусім не думае аб сваіх людзях”.

Ён таксама паўтарыў свае тэзісы, выкладзеныя ў каментарыі 10 верасня. Тады міністр адзначыў, што “практычна тры чвэрці грузаў”, якія ідуць на Захад праз мяжу Беларусі і Польшчы, маюць “кітайскае паходжанне”.

10 верасня міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі паводле прадстаўлення прэм’ер-міністра Дональда Туска падпісаў распараджэнне аб закрыцці мяжы з Беларуссю.

“Закрываем мяжу з Беларуссю ў сувязі з пагрозай, якую нясуць манеўры “Захад”. Падпарадкаваныя службы МУС і войска знаходзяцца ў найвышэйшай гатоўнасці. Гэтае рашэнне мае часовы характар. Прыярытэт для нас — бяспека полек і палякаў. Пераходы адкрыем, калі будзем упэўненыя, што сітуацыя не будзе несці нам ні найменшай пагрозы”, — заявіў Кервіньскі.

Маштабныя вучэнні “Захад-2025” праходзяць 12–16 верасня.

Польшча закрыла ўсе кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю, уключаючы адзіны КПП Цярэспаль (Брэст), які выкарыстоўваўся для пропуску легкавых аўтамабіляў, з 0 гадзін па польскім часе (1 гадзіна па мінскім часе) 12 верасня як мінімум на перыяд манеўраў.

Падзяліцца: