Блог

«Захапляе сачыць за барацьбой інжынернай думкі». Як я раблю тг-канал і падкаст пра Формулу1

Прыгажосць барацьбы ды абгонаў на трасе, тэхналагічнасць балідаў, непрадказальнасць вынікаў (хаця і здараюцца перыядычна адрэзкі дамінацыі аднаго гоншчыка). Усё гэта — пра магію Формулы 1. Я вяду тэматычны тэлеграм-канал і падкаст пра гонкі, пра што сёння і распавяду камьюніці. 


 Хто піша: Ян, распрацоўшчык на Java ды Kotlin, для якога цікавасць да Ф1 ды пашана да нацыянальнай ідэнтычнасці перарасла ў патрэбу пашырыць выкарыстанне беларускай мовы ў грамадстве. У выніку ён стварыў каналу ў ТГ, Ф1-бота, ды потым яшчэ і падкаст. 


Шоў-кар баліду 2026-га году 

Гонкі як звыштэхналагічны спорт

Ф1 — гэта крыніца сучасных тэхналогій. Каб перамагчы, усе каманды шукаюць выдатных інжынераў, якія мусяць вынайсці найлепшыя аэрадынамічныя рашэнні, знізіць вагу машыны, ці паскорыць рухавік. Сучасныя тэхналагічныя матэрыялы дапамагаюць у пабудове баліду, гоначных касцюмаў, якія ратуюць жыцці гоншчыкаў. Ф1 імкнецца перайсці на экалагічнае паліва ўжо з 2026-га году, калі ў чарговы раз абнавіцца рэгламент чэмпіянату. Паляпшаюцца відэакамеры (у тым ліку ўбудаваныя ў балід), пачынаецца выкарыстанне дронаў для здымак — цяпер карцінка ў трансляцыі нашмат палепшылася ў параўнанні з тым, што было нават год 10 таму.

АІ — адна з неабходных складнікаў у Формуле. Каманды ўжо даўно маюць розныя мадэлі прадказання надвор’я (якое значна ўплывае на гонкі), ды ім таксама неабходна на падмурку тысяч датчыкаў, убудаваных у балід, знаходзіць магчымыя праблемы з ім. Таксама трэба аналізаваць паводзіны супернікаў, рабіць стратэгіі на гонку (змену шын). Таму каманды шукаюць АІ рашэнні, каб аналізаваць гіганцкія аб’ёмы дадзеных.

Нядаўна АІ пачаў выкарыстоўвацца для вызначэння лімітаў трасы, бо па правілах забаронена выязджаць за канкрэтную лінію. А ў Гран Пры Канады кубак упершыню быў створаны пры дапамозе штучнага інтэлекту.

І калі гэтага недастаткова, скажу яшчэ, што ў Формуле мяне вельмі захапляе сачыць за барацьбой інжынернай думкі ды за тым, як хвацка гоншчыкі ўтаймоўваюць свае баліды на хуткасцях вышэй за 300 км/г! Мне, як праграмісту, які захапляецца сучаснымі тэхналогіямі, Ф1 таксама вельмі да спадобы.

Пачатак

З Формулай1 мяне пазнаёміў тата ў 2007-м годзе, калі гонкі яшчэ ішлі па БТ. Тады, у дзяцінстве, я мала што разумеў аб гэтым спорце, ды інфаграфіка, якая паказвае цяперашняе становішча гоншчыкаў і адрывы паміж імі, была нашмат слабей, чым сёння. Без яе было даволі складана разумець, што адбываецца на трасе (цяпер той слупок з дадзенымі амаль увесь час бачны адразу для ўсіх гоншчыкаў — моцна дапамагае).

Потым трансляцыі хутка спыніліся, ды праз вучобу я цалкам перастаў сачыць за гонкамі. Ажно недзе ў 2019-м мне пачалі трапляцца рэкамендацыі ў YouTube на агляды гонак ад аднаго расейскага блогера. Пачаў глядзець, часам — шукаць трансляцыі сам. Сезон 2021 глядзеў больш пільна.

Пасля вельмі яскравай і зацятай барацьбы за чэмпіёнства ў тым сезоне, я ўсё больш задумваўся: а чаму па беларуску дагэтуль няма аніводнага блогу? І ўлетку 2022-га я апынуўся адзін у чужой краіне. Трэба было неяк даваць рады з самотай і адсутнасцю сям’і побач. Ды ў нейкі момант у жніўні я распачаў канал у Тэлеграм. А праз год выпадкова сустрэўся з іншым .Net распрацоўшчыкам, які займаецца картынгам, ды ён прапанаваў мне разам пісаць падкаст. Я пагадзіўся, — і ўжо год мы гэта робім!

Арцём сочыць за Ф1 вельмі даўно, яшчэ з 90х. Ды ў падкастах заўсёды расказвае розныя цікавосткі, дапоўненыя ягоным досведам у картынгу.

Шоў-кар баліду 2026-га году 

Пра падкаст

У падкасце мы пакуль толькі намацваем напрамкі, набіраем досвед. На гэты момант абмяркоўваем вынікі гонак ды падсумоўваем вялікія адрэзкі сезону (палова сезону, канец) і гучныя навіны.

Як рыхтуемся? Пільна сочым за падзеямі ў кваліфікацыі ды гонцы. Я падпісаны на шэраг англамоўных блогаў у Твітары, якія даюць шмат статыстычнай інфармацыі ці адзначаюць яскравыя цікавосткі. Гляджу YouTube канал P1 with Matt and Tommy — гэта звычайныя брытанскія заўзятары, якія робяць свае агляды, але часам нават бяруць інтэрв’ю ў гоншчыкаў Ф1. Некаторыя ідэі кампаноўкі падкасту, што гэтыя двое хлопцаў выкарыстоўваюць, я бяру сабе на ўзбраенне. Напрыклад, цяпер пасля гонак я прашу чытачоў у ТГ задаваць нам пытанні, якія мы агучваем у сваіх аглядах і базуем на іх свае адказы.  

Досвед праграміста дапамагае. Так спачатку было складана штораз маніторыць Твітар ды чакаць, пакуль Ф1 акаўнт выкладзе выяву з вынікамі, якія ўсе Ф1 каналы звычайна рэпосцяць у сябе. І я вырашыў гэта так: знайшоў вэбсокет, які дае live timing дадзеныя ў рэальным часе. Доўга змагаўся, але напісаў бота, які счытвае гэтую інфу і генерыруе мне PNG, ды яшчэ й па-беларуску. Такім чынам я за імгненні пасля фінішу гонкі маю на руках белмоўныя вынікі і адразу ж іх публікую без затрымкі.

Так выглядае бот 

Гэта дапамагло мне завесці Твітар, BlueSky ды Instagram. Бо цяпер я нарэшце магу туды публікаваць уласныя карцінкі ды інфаграфіку.

Што тычыцца запісаў голасу, выкарыстоўваем для падкаста Adobe Audition. Глядзеў туторыялы ў YouTube, каб зразумець асноўныя прынцыпы рэдагавання. Там жа і запісваю сваю гутарку. Не маючы досведу, я празмерна шмат часу губляў на мантажы, ужо нават думаў закідваць гэтую ідэю паўгода таму, але на вочы трапіўся AI-інструмент для падкастараў Resound, які нашмат паскорыў мяне.

Фота з гонкі ў Будапешце, 2023 год

Гоншчыкі-фаварыты і гоншчыкі-дзеля-спонсараў 

Формула1 — свой вялікі сусвет. Калі вярнуўся да прагляду гонак напрыканцы 2010х, была моцная дамінацыя Льюіса Гэмілтана. Льюіс — 7-кратны чэмпіён Ф1, мае цяпер найбольш перамог у гонках (201 подыум на сёння). Фактычна, гэта гоншчык, у якога найбольш розных рэкордаў. Вось тут нядаўні допіс з самымі гучнымі. У самага вядомага Міхаэля Шумахера столькі ж чэмпіёнстваў (7), але Льюіс ужо адабраў у яго шмат рэкордаў.

Я заўзеў — насуперак Льюісу — за Макса Верстапена. Было вельмі цікава, ці зможа маладзейшы талент перамагчы. Макс — нідэрландзец, самы апошні чэмпіён Ф1. У наймацнейшай барацьбе ў 2021-м перасягнуў Льюіса, і з таго часу толькі ён перамагаў (і ў гэтым сезоне лідзіруе ў чэмпіянаце). Макс таксама вельмі шмат рэкордаў ужо абнавіў, але чэмпіёнствы ў яго 3 на гэты момант.

Вось тут можна паглядзець напружанае відэа з момантам абгону. 

Я сам  упершыню пабываў на гонцы толькі ў ліпені — з’ездзіў у Будапешт, на трасу Хунгарорынг. Неверагодна было бачыць на свае вочы самі баліды і гоншчыкаў, пра якіх 2 гады вядзеш свой блог! Але, вядома, на трасе асабліва не бачыш трансляцыю і чуеш каментатараў, таму не так дакладна ведаеш, што адбываецца. У выніку пасля гонкі заўзятары вяртаюцца ў гатэлі ці дадому, дзе ўжо пераглядаюць трансляцыю :)

Заўзятары спяшаюцца ў фан-зону Хунгарорынгу

Што ў планах

Хачу:

  • ствараць больш гістарычных выпускаў, 
  • дарабіць майго бота, які працуе з табліцамі вынікаў, каб ён прыносіў яшчэ больш карысці мне ды чытачам
  • знайсці людзей, якія б дапамаглі з занатоўкай кароткіх навінаў, стварэннем графікі, перакладам артыкулаў ды напісаннем сцэнароў падкасту. Хацелася б пачаць рабіць невялікія відэа, каб выйсці ў TikTok ды Reels,
  • знайсці дапамогі ў іншых аматараў Ф1. Пакуль ніхто не далучыўся «на пастаянку». Трапілася адна выбітная дзяўчына з Твітару перад самым пачаткам сезону, ды яна мне часам піша некаторыя доўгія допісы. І менавіта яна вельмі моцна дапамагла мне пачаць рабіць інфаграфіку ў Canva. Да таго ж яна падрыхтавала першы тэкст нашага гістарычнага выпуску! Калі вам цікава тэма Ф1 — напішыце мне)

І хачу яшчэ сказаць усім, хто хоча зрабіць свой падкаст ці канал на беларускай, але вагаецца гэта рабіць — абавязкова спрабуйце! 

Па-беларуску дасюль мала кантэнту. Мой падкаст стаў першым пра Ф1, а колькі яшчэ розных тэм не раскрываецца на нашай прыгожай мове? Нават запрашаю ствараць і пра Ф1, бо я раблю толькі маленечкую частку працы, а столькі цікавага яшчэ не абмяркоўваецца!

Меркаванні аўтара могуць не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі. 

Што яшчэ пачытаць пра хоббі камьюніці: 

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

Anonymous
Anonymous
0

Ооо, файна! Хлопцы, дайце лінк на падкаст, калі ласка