PBH не апраўдала спадзеваў — чыіх? Разбор пра самую вялікую рэлакейт-праграму

Праграму Poland. Business Harbour спынілі часова або назаўжды. Успамінаем галоўнае аб праграме і спрабуем зразумець, за што з ёй так.

98 каментарыяў

26 студзеня ў Беларусі раптоўна спынілі прыём дакументаў на візы PBH. Неўзабаве МЗС растлумачыла, што рашэнне тычыцца ўсіх краін, ахопленых праграмай (+Грузія, Расія, Украіна, Малдова і Арменія). Яна «не апраўдала ўскладзеных на яе спадзеваў». 

Змест

Якіх менавіта спадзеваў не апраўдала PBH, не вельмі зразумела. Праграма, як вядома, стартавала ў верасні 2020 года з мэтай прыцягнуць ІТ-спецыялістаў з Беларусі. І з гэтай задачай яна, здаецца, больш як справілася.

Да 2022 года эміграцыя па гэтай візе была кропкавай. Але арганізатары «падгадалі» з момантам. Калі пасля 24.02.2022 пачалася магутная і сістэмная хваля рэлакейту беларускага ІТ-цуду на Захад, для яе была гатовая інфраструктура з пункта гледжання аператыўнай і простай візавай падтрымкі. І карысталіся ёю па-сапраўднаму масава

Дежавю из 2010-х. Как айтишники ловят даты для подачи на PBH в Беларуси
По теме
Дежавю из 2010-х. Как айтишники ловят даты для подачи на PBH в Беларуси

Як айцішнікі сталі «крайнімі» ў візавым скандале?

Калі шчыра, адказу на гэтае пытанне няма.

«Званочкі» былі разрозненымі і быццам бы нічым не пагражалі ўдзельнікам PBH.

  1. На фоне перадвыбарнай барацьбы ў Польшчы разгарэўся візавы скандал. Першапачаткова ён узнік праз бескантрольную выдачу дакументаў у краінах Афрыкі і Азіі, але неўзабаве перакінуўся на Беларусь праз гандаль слотамі. Здавалася б, пацярпець меліся тыя, хто браў грошы за запіс на падачу, а не ІТ-спецыялісты. Хтосьці нават асцярожна спадзяваўся на тое, што неўзабаве слоты можна будзе атрымліваць самастойна і бясплатна. 
  2. Перад выбарамі дэпутаты Сейма ад «Грамадзянскай кааліцыі» Ян Грабец і Ганна Гіль-Пёнтэк раптам раскрытыкавалі праграму PBH. Здаецца, гэта была першая і асноўная крытыка ў пабліку. Прычым не за тое, што айцішнікі атрымалі гэтыя візы неяк не так — а за тое, што нібыта незразумела, дзе яны працуюць. Раптам у дзяржпраграмах — гэта ж пагроза нацбяспецы. Заява была сустрэтая як бяскрыўдны прыклад перадвыбарчага папулізму. Айцішнікі з запалам адказалі на Reddit, чым жа яны занятыя ў Польшчы. 
  3. Выданне Rzeczpospolita звярнула ўвагу на тое, што большасць атрымальнікаў візы не даехала да Польшчы.

На практыцы сітуацыя відавочна ўскладнялася. Пры канцы 2023 года Польшча стала выдаваць у разы менш віз PBH. Тыповыя матывіроўкі адмовы: не абгрунтаваныя мэта або ўмовы меркаванага знаходжання. 

І нарэшце — раптоўнае, без папярэджання згортванне праграмы «дзень у дзень» 26 студзеня 2024 года. Ужо пазней МЗС выдала праграмную заяву, дзе згадала неапраўданыя спадзевы. І яшчэ пазней у адказе журналістам патлумачыла адсутнасць папярэджання тым, што рашэнне прымалася ў тэрміновым парадку.

Якія і ў каго былі спадзевы на PBH?

Незразумела таксама.

У заяве МЗС няма дакладных прэтэнзій да айцішнікаў. МЗС не дзеліцца аніякімі KPI праграмы, метрыкамі спадзеваў, не ўдакладняе каму належалі спадзевы.

Няма сведчанняў, што была сабраная комплексная статыстыка пра эканамічныя вынікі праграмы. Або хаця б рэальная колькасць айцішнікаў з сем’ямі, якія пераехалі па PBH і затым атрымалі ДНЖ.

Чыноўнікі толькі спасылаюцца на нейкую «крытыку ў публічнай прасторы» наконт нямэтавага выкарыстання візы. Верагодна, гаворка пра разрыў, які згадвала Rzeczpospolita: паміж колькасцю выдадзеных PBH і данымі пра перасячэнні мяжы. 

Паводле інфармацыі Rzeczpospolita, ад 2020 года да 30 верасня 2023 года МЗС Польшчы выдала 93,5 тыс. віз РВН. З іх 88,5 тыс. атрымалі беларусы.

Паводле даных памежнай службы, на якую спасылаецца Rzeczpospolita, ад 2020 года па візах PBH заехала ўсяго 13,5 тыс. чалавек, то-бок кожны сёмы ўладальнік візы.

Зрэшты, даныя розных ведамстваў пра колькасць выдадзеных віз таксама не стыкуюцца. Так, летам 2023 года ўпраўленне ў справах замежнікаў паведамляла, што толькі беларусам Польшча выдала амаль 114 тысяч віз

Гэта таксама дзіўныя даныя. Па-першае, выходзіць, што большасць айцішнікаў замест (ня)мэтавага выкарыстання візы наогул ёю не карысталіся — наўрад ці яны масава выязджалі ў турпаездкі праз Літву або бязвізавыя лакацыі. 

Па-другое, візы выдавалі не толькі айцішнікам, але і іх сямейнікам. То-бок, калі выказаць здагадку, што ў 13,5 тыс. уваходзяць сужэнцы і дзеці ІТ-спецыялістаў, то колькасць уласна айцішнікаў атрымаецца ну вельмі нізкай. (Адзін толькі польскі офіс EPAM — і той большы.)  

Як мы ні пералічвалі — налічылі больш рэлакантаў у Польшчу.

Дык колькі айцішнікаў з’ехала ў Польшчу?

У нас няма дакладнай лічбы. Мы можам толькі рабіць прыкладныя ацэнкі на базе ўскосных даных і ўласных даследаванняў. 

Вось афіцыйная лічба, верагодна заніжаная: на лета 2023-га Беларусь страціла 22 тысячы айцішнікаў. 

А вось іншая зачэпка, імаверна завышаная: даследаванне dev.by летам 2022 года паказала, што да 40% беларускіх айцішнікаў ужо пакінулі краіну. Пры гэтым вядома, што ў 2021 годзе ў галіне працавалі 104 тысячы чалавек.

Калі выводзіць дыяпазон паміж афіцыйнай і неафіцыйнай колькасцю: Беларусь маглі пакінуць да 30 тысяч айцішнікаў. Большасць з’ехала ў Польшчу. Рызыкнем выказаць здагадку, што гэта 20-25 тысяч толькі айцішнікаў, не лічачы іх сямейнікаў. 

Штомесяц беларусы ў Польшчы адкрываюць 740 JDG (11 716 за паўтара года, ад 2022 да канца чэрвеня 2023-га), 66% з іх — у сферы ІТ. Гэта значыць, што айцішнікі за паўтара года адкрылі ў Польшчы не менш за 7000 JDG. Апытанні dev.by паказваюць, што працаваць па JDG лічаць за лепшае каля 36% айцішнікаў-мігрантаў у Польшчы, так што гэтыя лічбы можна лічыць ускосным пацвярджэннем нашых разлікаў.

А колькі ІТ-кампаній?

Попыт на PBH сярод беларусаў рэзка вырас пасля 24.02. На запіс у візавыя цэнтры па ўсёй Беларусі паўсталі велізарныя чэргі. Злавіць свабодны слот самастойна было практычна нерэальна. Можна было заплаціць пасярэднікам — ад 200 еўра, але без гарантый. 

Пры гэтым ІТ-кампаніі без праблем браніравалі слоты для цэлых каманд — верагодна, проста праз консульства або пры пасярэдніцтве польскага агенцтва PAIH (Polska Agencja Inwestycji i Handlu). Нашае даследаванне (узялі ўдзел 5000 айцішнікаў) паказала, што 82% кампаній, у якіх былі праграмы рэлакейту (а такіх большасць), прапанавалі супрацоўнікам у якасці кірунку менавіта Польшчу. Многія ўклалі ў рэлакацыю сур’ёзныя бюджэты. Напрыклад, SK Hynix (у топ-3 сусветных вытворцаў праваднікоў, топ-5 — аператыўнай памяці) закладваў на рэлакейт аднаго супрацоўніка ў Польшчу да 35 тысяч долараў.

Ад 2022 года ПВТ пакінула больш за 170 кампаній — як правіла, самых вядомых. З краіны з’ехала 30+ зорных прадуктаў, з якімі беларускі ІТ асацыяваўся шмат гадоў.   

Большасць адкрыла офісы ў Польшчы. Нават тыя, хто перанёс асноўны хаб у Вільню, як Wargaming, маюць польскія каманды, а цяпер у фоне думаюць пра новы рэлакейт праз нестабільнае становішча беларускіх рэлакантаў у Літве.

Буйныя аўтсорсеры, у адрозненне ад прадуктовых кампаній, не сышлі з Беларусі цалкам. Але скарацілі офісы ў 2 і больш разоў. Калі ў 2021 годзе ў топе-50 найбуйнейшых кампаній у Беларусі працавала 40 000+ чалавек, то на сёння як мінімум у 2 разы менш

Напрыклад, офіс аўтсорс-гіганта EPAM у Мінску на 10 000+ чалавек скараціўся да 5000+. Затое яго каманда ў Польшчы вырасла да 7000+. Гэта на 5000 больш, ніж у 2020 годзе. У сваіх сацсетках кампанія адзначала, што польскі офіс «расце хутчэй, ніж калі-небудзь» — мы думаем, што ў першую чаргу буст быў за кошт рэлакейту. 

Аналагічная сітуацыя з буйнымі кампаніямі з беларускімі каранямі Exadel або Godel: да 2022 года іх найбуйнейшыя офісы распрацоўкі былі ў Беларусі, сёння — у Польшчы.

Польская статыстыка пацвярджае вялікі зыход беларускага ІТ. 

Паводле звестак Цэнтра эканамічнай інфармацыі (Centralny Ośrodek Informacji Gospodarczej), у Польшчы цяпер амаль 400 ІТ-кампаній з беларускім капіталам, з іх 90% зарэгістраваныя ў апошнія тры гады. Вось як расла іх колькасць: у 2020 годзе ў Польшчы з’явілася 27 ІТ-кампаній, у 2021 — 82 кампаніі, а ў 2022-м — 139, або ў 5 разоў больш, ніж у 2020 годзе. Няпоўны 2023 прынёс 88 ІТ-кампаній.

А вось як выглядала (на канец 2022) карта кампаній з беларускімі каранямі. І гэта толькі вядомыя кампаніі.

Айцішнікі по PBH у Польшчы: хто яны і што робяць?

Адказваем на пытанне дэпутатаў.

Вось цікавыя факты з нашага даследавання пра айцішнікаў у Польшчы (1800+ рэспандэнтаў):

  • Сярэднестатыстычны ІТ-імігрант з Беларусі — малады мужчына, дасведчаны распрацоўшчык, з сям’ёй. Ён зарабляе 4000+ долараў брута, працуе па працоўным кантракце, плаціць падаткі і сацыяльныя ўнёскі, вучыць польскую мову і плануе куплю кватэры ў Польшчы.
  • пераважная большасць (97%) маладзейшая 45 гадоў. Толькі 4% — джуны, астатнія — дасведчаныя спецыялісты, у асноўным узроўню Senior;
  • 70% працуюць у кампаніях з беларускімі каранямі, якія таксама адкрылі офіс/прадстаўніцтва ў Польшчы. Палова па працоўным кантракце;
  • медыянная зп брута сярод айцішнікаў-беларусаў у Польшчы — 4000$ (тут разбіўка па прафесіях і відах кантракта);
  • 86,6% робяць выплаты ў ZUS;
  • толькі 21% пераехаў у адзіночку. Астатнія — з сем’ямі (пры гэтым 30% з дзецьмі);
  • амаль палова (45%) партнёраў айцішнікаў пасля пераезду таксама працуе ў ІТ, і яшчэ 15% у іншых прафесіях у Польшчы;
  • 50% прывезлі з сабой зберажэнні ад 10 да 500 тысяч долараў, якія плануюць выкарыстоўваць у Польшчы;
  • 6% купілі жытло ў Польшчы, 46% плануюць набыццё найбліжэйшым часам. Пры гэтым у 46% была або дагэтуль ёсць нерухомасць у Беларусі;
  • галоўнай цяжкасцю пераезду мігранты-айцішнікі лічаць працэс легалізацыі (43%) і тугу па радзіме (37%). А вось з негатыўным стаўленнем з боку грамадзян Польшчы сутыкнуліся толькі 2%;
  • 83% вучаць польскую мову;
  • 43% ужо вырашылі, што застануцца ў Польшчы. Ехаць далей (ЗША, Нідэрланды, Партугалія, Іспанія, Германія) збіраецца толькі адзін з 10. І толькі 1% хоча назад у Беларусь найбліжэйшым часам.

Бенефіцыяраў правераць (а гэта дакладна не польская эканоміка?)

Такім чынам, прыпыненне нібыта будзе доўжыцца датуль, пакуль «не будуць прынятыя рашэнні для забеспячэння належнай праверкі кампаній і замежнікаў, якія з’яўляюцца яе бенефіцыярамі», што б гэта ні значыла.

Здаецца, менавіта light-крытэрыі (калі так можна назваць ІТ-адукацыю/досвед + рэкамендацыю) рабілі праграму папулярнай і паспяховай: гэта спрацавала як прапанова «проста паспрабаваць» без рызык і забавязанняў. Многія паспрабавалі, камусьці зайшло. Здавалася, што якраз так яно і было задумана. Фільтр для самых матываваных — працоўная віза D — існаваў і так. Як і «свабодны рынак» такіх віз, пра маштабы якога ў пабліку чамусьці пакуль нічога не прагучала.

Невідавочна, навошта перавынаходзіць працоўную візу для айцішнікаў, таму і ў рэбут праграмы верыцца слаба.

Яшчэ было б цікава зірнуць на якасную ацэнку эфектаў праграмы для польскай эканомікі — верагодна, усё ж самага буйнога бенефіцыяра PBH. Пакуль жа больш падобна да таго, што гучны палітычны сюжэт з восені-2023 трэба было завяршыць больш-менш эфектна. Але ўбачым.

«Очень жаль, теперь только рабочие». Как айтишники не успели податься на PBH до закрытия
По теме
«Очень жаль, теперь только рабочие». Как айтишники не успели податься на PBH до закрытия

Читать на dev.by