Мінск 10:37

Беларусь гатовая да аднаўлення гандлёвай і гуманітарнай супрацы з Чэхіяй — Лукашэнка

Фота мае ілюстрацыйны характар
Крыніца: pixabay.com

28 кастрычніка, Позірк. Чэшскі і беларускі народы “на працягу доўгага часу аб’ядноўваюць каштоўны досвед мірнага суіснавання, чалавечыя, гаспадарчыя і культурныя сувязі”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 28 кастрычніка чэхаў з Днём дзяржаўнасці.

“Упэўнены ў наяўнасці сёння ў Мінска і Прагі магчымасцей для аднаўлення канструктыўнай супрацы ў гандлёвай і гуманітарнай сферах. Беларускі бок да гэтага гатовы”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Чэхія, будучы часткай Еўрапейскага саюза, не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. Еўрасаюз увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі.

У сваю чаргу ўрад Беларусі летась увесну зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, што здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у які ўваходзяць усе краіны ЕС.

18 верасня стала вядома, што ваенным і ваенна-паветраным аташэ пры пасольстве Чэхіі ў Беларусі стаў падпалкоўнік Іржы Караш, які 10 гадоў таму займаў пасаду аташэ па пытаннях абароны пры дыпламатычным прадстаўніцтве сваёй краіны ва Украіне. Праз месяц, 16 кастрычніка, Лукашэнка падпісаў закон, які прыпыняе дзеянне Дагавора пра звычайныя узброеныя сілы ў Еўропе (ДЗУСЕ) у дачыненні да Польшчы і Чэхіі (Прага спыніла выконваць свае абавязацельствы паводле ДЗУСЕ ў дачыненні да Мінска ў жніўні 2022 года).

Кіраўніцтва Чэхіі дэкларуе прыхільнасць да ідэі дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Прэзідэнт Пётр Павел 18 лютага 2023 года (тады быў у статусе новаабранага, інаўгурацыя адбылася 9 сакавіка) на сустрэчы з беларускім дэмлідарам Святланай Ціханоўскай падтрымаў яе працу ў гэтым кірунку.

У ліпені з’явілася інфармацыя пра тое, што Чэхія прадугледзела на 2023/2024 навучальны год урадавыя стыпендыі для 11 беларускіх студэнтаў, сярод якіх былыя палітвязні і актывісты, на 2024/2025 год — для 5 ахвочых навучацца ў магістратуры ці дактарантуры.

Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка на пачатку кастрычніка паведаміў “Позірку”, што да канца года ў Празе пры падтрымцы чэшскага МЗС адкрыецца офіс беларускіх дэмсіл. У гэтым жа месяцы намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў, што ў Чэхіі “ініцыяваныя крымінальныя справы” ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі на падставе фактаў катаванняў больш як 40 беларусаў, якія цяпер жывуць у гэтай цэнтральнаеўрапейскай краіне.

Падзяліцца: