Мінск 11:10

З пачатку года ад агню ў Беларусі загінула 430 чалавек

28 кастрычніка, Позірк. Два чалавекі загінулі ў Беларусі на пажарах за мінулыя суткі (з 6 гадзін 27 кастрычніка да 6 гадзін 28-га), вынікае з аператыўных даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Гібель людзей ад агню зафіксавана ў Гродне (жанчына 1943 года нараджэння) і Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці (мужчына 1957 г.н.). Прычыны пажару і гібелі высвятляюцца.

МНС таксама паведамляе, што за суткі на пажарах траўмаваныя тры чалавекі: у Шумілінскім (Віцебская вобласць), Смалявіцкім (Мінская вобласць) і Буда-Кашалёўскім (Гомельская вобласць) раёнах.

З пачатку года, сведчыць зводная табліца на сайце ведамства, на пажарах загінула 430 чалавек (за той жа перыяд 2025 года — 413; +4,1% у гадавым вымярэнні), уключаючы траіх дзяцей (4; -25%).

На працягу папярэдніх сутак (з 6 гадзін 26 кастрычніка да 6 гадзін 27-га) у Беларусі загінула на пажарах і патанула пяць грамадзян пенсійнага ўзросту.

МНС рэгулярна карэктуе статыстыку смяротнасці на пажарах у бок змяншэння. Раней міністэрства тлумачыла гэта тым, што часам пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы высвятляецца — смерць наступіла не з-за пажару. Наадварот, як заяўляла МНС, узгаранне часам можа ўзнікнуць пасля смерці чалавека.

Падзяліцца: