Мінск 14:19

Швейцарыя далучылася да новых санкцый ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі

17 жніўня, Позірк. Швейцарыя далучылася да новага пакета санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які Еўрасаюз увёў 3 жніўня. Пра адпаведнае рашэнне паведамляецца на сайце швейцарскага Дзяржаўнага сакратарыята па эканоміцы (SECO). 

Новыя абмежавальныя меры ЕС супраць Беларусі прынятыя “ў паскораным парадку з улікам неадкладнай неабходнасці барацьбы са спробамі абысці санкцыі” адносна некаторых адчувальных тавараў і тэхналогій. Яны “пашыраюць забарону на экспарт у Беларусь шэрагу высокаадчувальных тавараў і тэхналогій, якія садзейнічаюць ваенна-тэхнічнаму развіццю” краіны.

Санкцыі закранулі 38 чалавек (суддзяў, начальнікаў папраўчых калоній, сілавікоў, прапагандыстаў) і тры прадпрыемствы — Мінскі электратэхнічны завод імя Казлова, Беларускі металургічны завод і канцэрн “Белнафтахім”. 

8 жніўня Вялікабрытанія ўвяла санкцыі ў дачыненні да шасці беларускіх прадпрыемстваў: холдынгу “БелОМА”, ААТ “Гомельскі радыёзавод”, ААТ “Кідма тэк”, “Аршанскага авіярамонтнага завода”, ААТ “Пеленг” і ААТ “2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення”. 

9 жніўня ЗША пашырылі санкцыі супраць беларускага рэжыму, унёсшы ў спіс, акрамя 101 фізічнай асобы, авіякампанію “Белавія”, Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю (ДФР КДК), Беларускі металургічны завод (БМЗ), ТАА “БелКапСтыл” (амерыканскі дылер БМЗ) і Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі. 

Санкцыі супраць Мінска ў ліпені і жніўні пашырылі таксама Новая Зеландыя і Канада.

Падзяліцца: