Мінск 12:56

Другі этап камандзірскіх збораў прысвечаны прымяненню ВПС і войскаў СПА ў аперацыі сумеснай з РФ групоўкі войскаў

Су-30СМ2
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінабароны Беларусі

5 лістапада, Позірк. У рамках другога этапу аператыўных збораў каманднага складу Узброеных сіл “асобная ўвага будзе нададзеная асаблівасцям выкарыстання груповак Вайскова-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны ў аперацыі Рэгіянальнай групоўкі войскаў з улікам досведу сучасных узброеных канфліктаў”, паведаміла 5 лістапада прэс-служба Міністэрства абароны.

Адкрываючы новы этап збораў, міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што УС “маюць быць гатовыя ў любы момант часу гарантаваць ваенную бяспеку і ўзброеную абарону” дзяржавы. Да такой высновы ён прыйшоў, гледзячы на падзеі, якія адбываюцца вакол Беларусі.

Паведамляецца, што ў рамках мерапрыемства да афіцэраў “давядуць асноўныя тэндэнцыі развіцця ваенна-палітычнай абстаноўкі, аналіз стану сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне і асаблівасці выкарыстання груповак войскаў (сіл) у аперацыях з улікам досведу сучасных узброеных канфліктаў”.

Зборы завершацца калегіяй Мінабароны, на якой будуць падведзеныя вынікі падрыхтоўкі УС у 2025/2026 навучальным годзе і вызначаныя задачы на наступны год.

“Галоўная мэта — вызначыць, якія рашэнні неабходныя для падтрымання высокага ўзроўню гатоўнасці войскаў ва ўмовах зменлівай абстаноўкі”, — адзначыла ваеннае ведамства.

На адкрыцці збораў 4 лістапада Хрэнін заявіў пра “актыўнае ўкараненне супрацьлеглымі бакамі ва Украіне новых тэхналогій, якія дазваляюць весці бескантактавыя баявыя дзеянні з прымяненнем розных інавацый”.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

На гэтым фоне вайсковыя вучэнні кіроўны рэжым праводзіць практычна бесперапынна. Таксама рэгулярна праводзяцца праверкі розных родаў і часцей войскаў.

Рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расіі пачала фізічна фармавацца на беларускай тэрыторыі ў кастрычніку 2022 года, афіцыйна — у сувязі з “абвастрэннем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы”. Працэс адбываўся на фоне вайны РФ супраць Украіны, у якой кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, а таксама абвастрэння стасункаў з краінамі Захаду.

Хрэнін: Баявыя магчымасці рэгіянальнай групоўкі Беларусі і РФ падвышаюцца за кошт узаемных паставак узбраенняў (дапоўнена)

дададзеныя абзацы 7–9 22 кастрычніка, Позірк. За кошт узаемных паставак вайсковай прадукцыі, кааперацыі беларускага і расійскага абаронна-прамысловых комплексаў “падвышаюцца баявыя магчымасці рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) і Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны”, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін 22 кастрычніка ў Мінску …
Падзяліцца: