Мінск 17:11

Ціханоўская: Расія сістэматычна праводзіць палітыку русіфікацыі, асіміляцыі і знішчэння ўсяго беларускага

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

14 кастрычніка, Позірк. Расія “сістэматычна праводзіць палітыку русіфікацыі, асіміляцыі і знішчэння ўсяго нацыянальнага, усяго беларускага”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на мерапрыемстве БДІПЧ АБСЕ, прысвечаным захаванню нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці ва ўмовах аўтарытарызму і ролі моладзі ў беларусізацыі.

Мерапрыемства прайшло ў Варшаве ў рамках канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні.

“З дапамогай [Аляксандра] Лукашэнкі яны спрабуюць ператварыць беларусаў у паслухмяных, лаяльных людзей, а ўрэшце — у расіян, — цытуе палітыка яе прэс-служба. — Але я ганаруся, калі бачу, як маладыя людзі ў Беларусі запісваюць відэа ў “ЦікТоку” па-беларуску, ствараюць відэа для “Ютуба”, адкрываюць для сябе беларускую мову і культуру. Гэта дае мне вялікую надзею”.

Паводле яе слоў, пакуль рэжым Лукашэнкі “змагаецца супраць беларускага грамадства і культуры”, задача дэмакратычных сіл — “усё гэта захаваць”.

Ціханоўская заявіла пра ціск на беларускую культуру і гістарычную памяць. Улады ў Мінску, падкрэсліла яна, “сістэмна абмяжоўваюць нацыянальную культуру і выкарыстоўваюць адукацыю як інструмент ідэалагічнага кантролю”.

Разам з тым Расія праз прапаганду, адукацыйныя праграмы, школы і культурныя праекты “імкнецца пашырыць свой уплыў на беларускую моладзь”, дадала палітык.

Ціханоўская падкрэсліла, што рэкамендацыі па захаванні беларускай мовы і культуры, змешчаныя ў дакладзе Маскоўскага механізму АБСЕ ў 2023 годзе, “да гэтага часу застаюцца нявыкананымі”.

Паведамляецца, што мерапрыемства арганізавалі каля 30 краін — удзельніц АБСЕ, якія ўваходзяць у “нефармальную групу сяброў дэмакратычнай Беларусі”.

У дыскусіі таксама прынялі ўдзел лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронца, экс-палітвязень Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускага нацыянальнага моладзевага савета (РАДА) Аляксандра Дойніч і дацэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Сцяпан Стурэйка.

Падзяліцца: