Мінск 21:43

Рыжанкоў абмеркаваў з міністрам з М’янмы запуск сумесных вытворчасцяў

30 верасня, Позірк. Запуск сумесных кааперацыйных праектаў у вытворчай сферы абмеркаваны на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і міністра нацыянальнага планавання, інвестыцый і знешнеэканамічных адносін М’янмы Аун Чжо Хо 30 верасня ў Мінску.

Паводле паведамлення МЗС Беларусі, адзначаная “высокая дынаміка і ўсебаковы характар [двухбаковага] узаемадзеяння”.

Мінск і Нейп’іда актыўна развіваюць стасункі. 21 жніўня ў рамках візіту прэзідэнта М’янмы Мін Аун Хлайна была адкрыта амбасада гэтай краіны ў Мінску.

Дыпламатычныя стасунки паміж М’янмай і Беларуссю ўстаноўленыя 22 верасня 1999 года. На гэтую азіяцкую краіну распаўсюджваецца мандат беларускай амбасады ў В’етнаме.

У Беларусі ёсць “усе тэхналогіі“, каб “сёння і заўтра дапамагчы, навучыць, забяспечыць усім неабходным м’янманскі народ”, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Мін Аун Хлайнам у жніўні.

Частка перамоваў прайшла ў закрытым фармаце. Паводле слоў Лукашэнкі, закраналіся пытанні, “якія, на жаль, не агучыш і публічна не абмяркуеш”.

Лукашэнка наведваў з афіцыйным візітам гэтую азіяцкую краіну 27-28 лістапада 2025 года.

У 2026-м ён таксама быў у М’янме — 2 ліпеня.

За два тыдні да гэтага, 18 чэрвеня, Лукашэнка падпісаў закон аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення Беларусі і М’янмы аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах.

25 траўня Мінск наведаў міністр абароны М’янмы Туна Аунга.

3 красавіка Лукашэнка “ад імя суайчыннікаў і сябе асабіста “павіншаваў мін Аун Хлайна з “абраннем на пасаду прэзідэнта” краіны парламентам (у той жа дзень).

Кіраўнік М’янмы — лідар хунты, які ўзначаліў ваенны пераварот у 2021 годзе. У выніку быў зрынуты дэмакратычна абраны ўрад дзярждарадцы Аун Сан Су Чжы (лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру), яна і прэзідэнт Він М’ін былі арыштаваныя.

Пераварот выклікаў масавыя пратэсты, якія перараслі ў грамадзянскую вайну, што працягваецца дагэтуль.

Вынікі выбараў у М’янме не прызнаюцца апазіцыяй і дэмакратычнымі краінамі.

Урад цалкам кантралюе толькі пятую частку краіны.

27 лістапада 2024 года пракурор Міжнароднага крымінальнага суда (Гаага) Карым Хан запытаў выдачу ордэра на арышт Мін Аун Хлайна. Ён абвінавачваецца ў злачынствах супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыю і іншы пераслед мусульман-рахінджа.

Падзяліцца: