Мінск 17:50

Два беларускія грузавікі трапілі пад удары дронаў у Бранскай вобласці — СМІ

Відэа: тэлеграм-канал "Флагштока" / стоп-кадр: "Позірк"

27 верасня, Позірк. Два беларускія вялікагрузныя аўтамабілі патрапілі пад удары беспілотнікаў недалёка ад пункта пропуску Чырвоны камень, паведамляе выданне “Флагшток”.

Пункт Чырвоны камень знаходзіцца на беларуска-расійскай мяжы, на сумежным баку ў Гомельскай вобласці мае назву Селішча.

Са спасылкай на відэа ў сацыяльных сетках выданне паведамляе, што ад атакі дрона пацярпела фура “Рэно”, якая перавозіла кавуны. “Кабіна цалкам згарэла, паўпрычэп пашкоджаны. Відэа знятае ў пятніцу, 25 верасня, за 30 км ад памежнага пераходу Чырвоны Камень”, — адзначаецца ў публікацыі.

Таксама пацярпеў грузавік “ДАФ” — “мае сляды ўдару дрона па верхняй частцы кабіны, без наступнага ўзгарання”. Фура была атакаваная 26 верасня ў 1.380 метрах ад мяжы Беларусі.

Абодва аўтамабілі маюць рэгістрацыйныя нумары Гомельскай вобласці.

Падкрэсліваецца, што”кіроўцам пашанцавала — яны не пацярпелі”.

СМІ перыядычна паведамляюць пра падобныя інцыдэнты на мяжы Беларусі і РФ.

Раней расійскія і беларускія СМІ і тэлеграм-каналы паведамілі пра ўдар беспілотніка па аўтобусе Мінск — Анапа ў пункце пропуску Чырвоны камень на мяжы Гомельскай і Бранскай абласцей. Адзначалася, што ўдар быў нанесены 2 ліпеня ў 11:55 у раёне населенага пункта Чырвоная гара Бранскай вобласці. У аўтобусе знаходзілася 19 пасажыраў.

Два кіроўцы і адзін пасажыр атрымалі лёгкія раненні.

17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі Рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць) трапіў пад удар у Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які рухаўся з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзіліся 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння. Там жа былі ўдзельнікі мясцовай танцавальнай студыі.

Сярод дзяцей, якія суправаджалі, была жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула.

Падзяліцца: