Мінск 16:50

Ліпеньскае ДТЗ у Полацкім раёне: Кіроўца аўтамабіля, чыя пасажырка загінула, быў п’яны

ДТЗ у Полацкім раёне (3 ліпеня 2026 года)
Архіўнае фота: УУС Віцебскага аблвыканкама

24 верасня, Позірк. 21-гадоваму кіроўцу — удзельніку смяротнага ДТЗ, якое здарылася ў ліпені ў Полацкім раёне (Віцебская вобласць), выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне ПДР і эксплуатацыі транспартнага сродку асобай, якая кіруе <…> у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула з неасцярожнасці смерць чалавека), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

На падставе рашэння пракурора ён узяты пад варту.

Паводле даных следства, аварыя здарылася каля 18:20 3 ліпеня на 4-м кіламетры дарогі Р-20/П1 (“Пад’езд да горада Полацка ад аўтамабільнай дарогі Р-20”). Малады чалавек (на той момант яму было 20 гадоў) за стырном аўтамабіля “БМВ” на выгіне дарогі не даў рады кіраванню, выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з аўтамабілем “Фальксваген”.

17-гадовая пасажырка “БМВ” памерла ад атрыманых траўм. Кіроўца другога аўтамабіля не пацярпеў.

Згодна з інфармацыяй СК, ад моманту атрымання кіроўцам “БМВ” правоў на кіраванне транспартным сродкам да аварыі не прайшло і месяца. Акрамя таго, у крыві маладога чалавека быў выяўлены этылавы спірт у канцэнтрацыі 1,80 праміле (сярэдняя ступень ап’янення), загінулай дзяўчыны — 0,69 праміле.

На ўчастку дарогі, дзе здарылася ДТЗ, максімальная дазволеная хуткасць — 70 кіламетраў на гадзіну. Экспертыза высветліла, што кіроўца “Фальксвагена” правілы дарожнага руху не парушаў, у той час як кіроўца “БМВ” ехаў з хуткасцю 111 км/г.

Як адзначаецца, шыны аўтамабіля абвінавачанага былі зношаныя, што з’яўляецца тэхнічнай няспраўнасцю. Выкарыстанне іх у такім стане забароненае, у адваротным выпадку гэта парушэнне ПДР.

Падзяліцца: