Мінск 09:54

Лукашэнка хоча больш супрацоўнічаць з Нікарагуа ў прамысловасці, з Зімбабвэ — выканаць “усе дамоўленасці”

Манагуа, сталіца Нікарагуа
Ілюстрацыйнае фота: pexels.com / Roberto Zuniga

15 верасня, Позірк. Падмурак стасункаў Беларусі і Нікарагуа ствараюць “сяброўства і салідарнасць”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 15 верасня супрэзідэнтаў гэтай краіны ў Цэнтральнай Амерыцы — сужэнцаў Даніэля Артэгу і Расарыа Мурыльё — з Днём Незалежнасці.

У пасланні, тэкст якога прыводзіць прэс-служба віншавальніка, сцвярджаецца, што пад “мудрым кіраўніцтвам” супрэзідэнтаў “Нікарагуа дзень за днём умацоўвае пазіцыі адной з самых дынамічных дзяржаў-экспарцёраў у Цэнтральнай Амерыцы, што забяспечвае магчымасці для ўстойлівага эканамічнага развіцця краіны”.

“Мінск нацэлены на паглыбленне ўзаемадзеяння з Манагуа ў сферах прамысловасці, машынабудавання, сельскай гаспадаркі, харчавання і фармацэўтыкі”, — адзначыў ён.

Інстытут двоеўладдзя, які фактычна замацоўвае сямейны рэжым кіравання, дзейнічае ў Нікарагуа са студзеня 2025 года.

Краіна параўнальна бедная. Згодна са статыстычнай базай міжнароднага гандлю ААН (UN Comtrade), у 2024 годзе ўзаемны тавараабарот Беларусі і Нікарагуа склаў усяго 1,85 млн долараў (беларускі экспарт — у асноўным транспарт, абсталяванне, угнаенні на 1,77 млн; нікарагуанскія пастаўкі — прадукты жывёльнага паходжання прыкладна на 80 тыс. долараў).

Нікарагуа традыцыйна падтрымлівае Беларусь і Расію на міжнародным узроўні, напрыклад, адхіляючы скіраваныя супраць іх рэзалюцыі Генасамблеі ААН. Шэраг экспертаў сцвярджае, што ўлады краіны фактычна гандлююць сваім палітычным голасам на міжнароднай арэне.

15 верасня Лукашэнка таксама павіншаваў прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагву з 84-годдзем. Ён пахваліў афрыканскага палітыка за ўнёсак ва “ўмацаванне суверэнітэту, палітычнай стабільнасці, устойлівага развіцця грамадства і падвышэнне аўтарытэту” краіны ў свеце, а таксама працяг курсу на “сацыяльна-эканамічны прагрэс і рэалізацыю амбіцыйных задач”.

Віншавальнік заявіў пра “станоўчую дынаміку беларуска-зімбабвійскага стратэгічнага партнёрства і па-сапраўднаму дружалюбных стасункаў паміж дзвюма краінамі”, а таксама выказаў перакананасць, што супольна ўлады дзвюх краін выканаюць “усе дамоўленасці, дасягнутыя падчас сустрэч у Мінску, Харарэ і на міжнародных пляцоўках”.

Лукашэнка наведваў Зімбабвэ 30 студзеня — 1 лютага 2023 года. У красавіку таго ж года са шматдзённым візітам у Мінск прыязджала жонка зімбабвійскага прэзідэнта Аксілія Мнангагва.

У ліпені 2024 года яна зноў была ў Беларусі з візітам. На сустрэчы з ёй Лукашэнка заявіў, што чакае візіту ў Мінск яе мужа Эмерсана Мнангагвы.

Такі візіт адбыўся вясной 2025 года: па выніках перагавораў 14 траўня ў беларускай сталіцы Лукашэнка і Мнангагва падпісалі дарожную карту стратэгічнага двухбаковай супрацы і партнёрства на 2026–2030 гады.

На сустрэчы са старшынёй Сената гэтай краіны Мэйбл Мемары Чыноманай 26 лютага 2026 года ў Мінску Лукашэнка “пацвердзіў арыенцір на дасягненне на працягу найбліжэйшых гадоў тавараабароту з Зімбабвэ ў 100 млн долараў”.

Тады ж паведамлялася, што па выніках мінулага года двухбаковы тавараабарот склаў больш за 26 млн долараў.

З “кароткатэрміновым рабочым візітам”, які не анансаваўся, прэзідэнт Зімбабвэ наведаў Мінск 15 траўня 2026 года.

Падзяліцца: