Мінск 11:24

Грузія афіцыйна пацвердзіла беларускаму праваабаронцу Кісляку, што ў дачыненні да яго не праводзіцца працэдура дэпартацыі

Раман Кісляк
Фота: асабісты архіў Рамана Кісляка

14 верасня, Позірк. Дэпартамент міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі прызнае часовую забарону Камітэта ААН па правах чалавека на высылку ў Беларусь беларускага праваабаронцы, палітычнага ўцекача Рамана Кісляка і ў сувязі з гэтым не праводзіць працэдуру дэпартацыі ў дачыненні да яго. Пра гэта гаворыцца ў адказе дэпартамента на яго запыт, паведаміў “Позірку” Кісляк.

“На гэтым этапе вашая скарга знаходзіцца на разглядзе Камітэта ААН па правах чалавека. У межах гэтай скаргі камітэт выдаў часовую меру ў адносінах да ураду Грузіі, адпаведна з якой урад не павінны высылаць заяўніка ў Рэспубліку Беларусь на час разгляду справы камітэтам”, — сказана ў адказе за подпісам дырэктара дэпартамента Гурама Давіташвілі.

Паводле Кісляка, гэты ліст ён атрымаў у адказ на запыт пра свой статус і просьбу даць магчымасць атрымаць дакументы.

Ён нагадаў пра візіт да яго супрацоўнікаў Памежнай паліцыі Грузіі 16 ліпеня, якія склалі на яго пратакол за нелегальнае знаходжанне ў краіне. “Я з гэтым не быў згодны. Яны паведамілі ў Дэпартамент міграцыі, там адказалі, каб я прыйшоў да іх. 21 ліпеня я прыйшоў, і ў дачыненні да мяне, па ідэі, павінны былі пачаць працэдуру дэпартацыі, правесці інтэрв’ю. Але гэтага не адбылося. Яны не адважваюцца пачаць працэдуру. Вырашылі, што я знаходжуся ў чаканні рашэння камітэта. І яны таксама. Але гэта не прадугледжаная заканадаўствам Грузіі, таму мне адпаведна ніякіх дакументаў і не даюць”, — патлумачыў праваабаронца.

У той дзень супрацоўніца дэпартамента вусна паведаміла Кісляку, што ведае пра разгляд яго справы ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Кісляк выказаў задавальненне атрыманнем афіцыйнага адказу: “Мне не пагражае дэпартацыя. Гэта паказвае, што працэдура часовых мер камітэта ААН працуе. І гэта прызнаюць дзяржаўныя органы. Упершыню я атрымаў пацвярджэнне гэтага. Гэта значыць, что ўрад Грузіі прызнае свае міжнародныя абавязацельствы”.

У лютым 2024 года ў Кісляка скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта. Новы дакумент немагчыма аформіць у амбасадзе Беларусі ў Грузіі праз дыскрымінацыйны ўказ Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года, што абмежаваў спектр паслуг, якія могуць надаваць беларускія дыпламатычныя ўстановы за мяжой.

Сёлета ў сакавіку улады Грузіі паўторна дэ-факта адмовілі Кісляку ў прытулку.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+”

Гл. таксама:

У Беларусі пачаў працу паліцэйскі аташэ Грузіі — яго абвінавачваюць у пераследзе журналісткі Амаглабелі

Падзяліцца: