Мінск 10:35

Пасля скарачэння пераліку тавараў з рэгуляванымі цэнамі паскорылася інфляцыя ў нехарчовым сегменце — ЕАБР

Ілюстрацыйнае фота: Аляксандр Кулеўскі / sb.by

14 верасня, Позірк. У Беларусі паскарэнне росту цэн фіксуецца ў сегменце нехарчовых тавараў — да 3,2% у жніўні (тут і далей у гадавым вымярэнні) пасля 2,9% месяцам раней, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця.

Эксперты звярнулі ўвагу на тое, што гэта “адбываецца пасля скарачэння пераліку тавараў, якія трапляюць пад цэнавае рэгуляванне”.

Базавая інфляцыя, якая тры месяцы знаходзіцца на адным узроўні — 4,8%, на іх думку, “сведчыць пра ўмераны цэнавы ціск”.

ЕАБР чакае, што па выніках года інфляцыя захаваецца “ніжэй за гранічны параметр Нацыянальнага банка”.

Раней паведамлялася, што спажывецкія цэны ў жніўні 2026 года знізіліся на 0,1%. Харчовыя тавары за месяц патаннелі на 0,8%, нехарчовыя — падаражэлі на 0,5%, паслугі — на 0,3%.

У параўнанні са снежнем 2025-га рост цэн склаў 3,1%. Харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 0,7%, нехарчовыя — на 2,8%, паслугі — на 7,6%.

У гадавым вымярэнні (да жніўня 2025-га) цэны сталі вышэйшымі на 4,5%: на харчовыя тавары — на 3,1%, нехарчовыя — на 3,2%, паслугі — на 8,7%.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Згодна з найважнейшымі прагнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі развіцця краіны на мінулы год, паказчык не меўся перавысіць 5%.

На гэты год інфляцыя запланаваная на ўзроўні да 7%.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 30 снежня 2025 года № 84.

У студзені цэны не меліся вырасці больш як на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (па факце +0,5%), у лютым (нарастаючым вынікам) — не больш як на 2% (+1%), сакавіку — 2,5% (+1,6%), красавіку — 3,1% (+2,5%), траўні — 3,4% (+2,6%), чэрвені — 3,8% (+2,9%), ліпені — 4% (+3,2%), жніўні — 4,2% (+3,1%).

Далей: верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Змены ў сістэму рэгулявання ўрад унёс 10 ліпеня. Пералік тавараў, якія трапляюць пад яго, скарочаны са 199 да 76 пазіцый (у 2,6 раза).

Кажучы пра гэтае рашэнне, Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня заявіў, што “трэба будзе паглядзець, як гэта спрацуе ў перспектыве”.

Асобна ён закрануў пытанне пра выпрацоўку “формулы справядлівай цаны”: “Механізм урадам так і не выпрацаваны. Першапачаткова прапаноўвалася весці маніторынг з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы “Аналіз цэн”. Я папярэджваў на пасяджэнні ўрада першага віцэ-прэм’ера [Мікалая Снапкова], што вы можаце ствараць якую заўгодна сістэму, але яна павінна даваць вынік. Цяпер быццам яе прапануюць кансерваваць”.

Пра “ўстойлівасць запаволення інфляцыйных працэсаў” гаварылася ў квартальным аглядзе Нацбанка, апублікаваным 3 жніўня.

Падзяліцца: