Пры распрацоўцы самалёта “Асвей” Беларусь адказвае за “асобныя элементы, вузлы, агрэгаты” — Мінпрамгандлю РФ

7 верасня, Позірк. У праекце па стварэнні паветранага судна “Асвей” Расія адказвае за “распрацоўку рабочай канструктарскай дакументацыі і самалёта ў цэлым”, заявіў агенцтву ТАСС намеснік міністра прамысловасці і гандлю РФ Генадзь Абраменкаў.
“У той жа час да праекта прыцягнутыя беларускія распрацоўшчыкі, якія будуць удзельнічаць у распрацоўцы і вырабе асобных элементаў, вузлоў, агрэгатаў ды іншых кампанентаў самалёта”, — сказаў чыноўнік.
Абраменкаў сцвярджае, што такі падыход “дазволіць аб’яднаць кампетэнцыі дзвюх краін і стварыць неабходную вытворчую базу для серыйнага выпуску самалёта”. “У перспектыве гэта мае забяспечыць не толькі выраб самалётаў, але і неабходнае канструктарскае суправаджэнне вытворчасці”, — адзначыў ён.
На сустрэчы з першым намеснікам старшыні ўрада РФ Дзянісам Мантуравым 25 жніўня ў Мінску Аляксандр Лукашэнка паказаў на наяўнасць “нейкіх непаразуменняў” у праекце па стварэнні самалёта “Асвей”. Ён выказаў гатоўнасць абмеркаваць праблемы “для таго, каб усё ж “Асвей” быў”.
24 жніўня міністр прамысловасці і гандлю РФ Антон Аліханаў паведаміў журналістам, што Расія і Беларусь знаходзяцца на этапе ўзгаднення магчымых дадатковых выдаткаў на праект самалёта “Асвей”.
Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, чыноўнік адзначыў, што ў праекце “дастаткова шмат складанасцей з пункту гледжання ўзгаднення з замоўцамі, бо там маюцца як грамадзянскія, так і вайсковыя замоўцы”.
“Былі складанасці яшчэ на этапе эскізнага праекта. Таму цяпер, калі мы ўжо канчаткова завершым РКД (рабочую канструктарскую дакументацыю. — “Позірк”.), будзе зразумелы арыентавальны кошт працягу гэтых работ. Акурат з беларускім бокам цяпер узгадняем, як будзем дзяліць магчымыя дадатковыя выдаткі, выкліканыя новымі патрабаваннямі”, — сказаў ён.
15 сакавіка аб’яднанне BelPol выказала сваё меркаванне пра прычыны павольнай рэалізацыі праекта па стварэнні беларуска-расійскага самалёта “Асвей”.
Арганізацыя спаслалася на службовы ліст старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Дзмітрыя Пантуса генеральнаму дырэктару расійскага холдынгу “Тэхнадынаміка” Ігару Насянкову ад 2 верасня 2025 года, што меўся ў яе распараджэнні.
У лісце Пантус скардзіцца на праблемы, якія тычацца ўзаемадзеяння з расійскім удзельнікам сумеснага праекта — Уральскім заводам грамадзянскай авіяцыі (уваходзіць у холдынг “Тэхнадынаміка”).
З “асаблівай трывогай”, як было заяўлена, ён паведаміў пра “непрыглядную сітуацыю” ва ўзаемаадносінах з прадпрыемствам. “Становішча, што склалася, практычна замарожвае магчымасць пачатку фінансавання названага праекта з беларускага боку”, — гаварылася ў лісце.
Раскрываючы падрабязнасці, BelPol адзначыў, што расійскі завод “проста дынаміць беларускі бок як у працы, так і ў адказах на афіцыйныя запыты”. Сярод іншага прадпрыемства ў Екацярынбургу “не ўзгадняе дакументы” і “сарвала ўсе тэрміны” па шэрагу напрамкаў.
Пра выраб двух доследных узораў самалёта “Асвей” гаварылася, што гэтая частка праекта мае быць “авансаваная беларускім бокам”: “Аднак высветлілася, што рахунак на гэтае авансаванне, выстаўлены расійскім бокам, значна перавысіў суму, якая была прапісаная раней”. Удакладнялася, што замест 1,2 млрд расійскіх рублёў прадпрыемства запрасіла 2,9 млрд.
У сваім лісце кіраўнік Дзяржкамвайскпрама выказваў “асцярогі”, што “расійскі выканаўца ў рамках тэхнічнага праекта няякасна выканаў прадугледжаныя работы па разліку эканамічнай часткі праекта”.
“Падобныя дзеянні” ўральскага завода, а таксама “пастаяннае ўвядзенне ў зман беларускага дзяржаўнага замоўцы і адкрытае жангляванне заявамі і лічбамі” Пантус назваў “недапушчальнымі і контрпрадуктыўнымі”.
Пра тое, што ў Беларусі створаць “паўнавартасны айчынны грамадзянскі самалёт” да 2029–2030 года, заявіў летась 30 лістапада кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой у эфіры тэлеканала “Беларусь 1” па выніках паездкі ў Растоўскую вобласць і Стаўрапольскі край РФ.
Паводле яго слоў, ААТ “558 авіярамонтны завод” у Баранавічах (Брэсцкая вобласць), Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі і Аршанскі авіярамонтны завод (Віцебская вобласць) усталявалі кантакт “з усімі ключавымі авіяцыйнымі заводамі Расіі”, аднак на паўнавартасную праграму загрузкі беларускіх вытворчых магутнасцяў не выйшлі.
У студзені 2024 года Пётр Пархомчык, які займаў на той момант пасаду віцэ-прэм’ера (цяпер старшыня Брэсцкага аблвыканкама), заяўляў, што першыя беларуска-расійскія самалёты плануецца выпусціць да 2026 года. З яго слоў вынікала, што да 2030 года іх колькасць складзе “85–100 адзінак”.
У 2023 годзе падчас візіту Рамана Галоўчанкі, які працаваў у той час прэм’ер-міністрам (цяпер старшыня Нацбанка), у Екацярынбургу паміж ААТ “558-ы авіяцыйны рамонтны завод” і расійскім АТ “Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі” было падпісана пагадненне аб стварэнні 19-мясцовага двухматорнага самалёта.
Беларуска-расійскі самалёт “Асвей” будзе аналагічны чэшскаму L410, амерыканскай мадэлі Cessna і швейцарскаму Pilatus, заяўляў летась у траўні галоўны інжынер завода ў Баранавічах Андрэй Тучын.
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 7 верасня — 29 лістапада 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Навіны Германіі, ЭканомікаЗ 2017 года Германія экспартавала ў Беларусь 5,5 тыс. сельскагаспадарчых жывёл і 4,3 млн птушакМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаУпершыню з вясны 2025 года мігранты штурмуюць беларуска-літоўскую мяжу 10 дзён запарМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка



