Мінск 11:32

Лукашэнка разлічвае на развіццё супрацы з Бразіліяй, улады якой зацікаўленыя ў беларускіх угнаеннях

Бразіліа — сталіца Бразіліі
Ілюстрацыйнае фота: wikimedia.org

7 верасня, Позірк. Бразілія зацвердзілася “ў якасці аднаго з аўтараў глабальнага парадку дня, знаходзячыся ў авангардзе намаганняў па забеспячэнні ўстойлівага развіцця, захаванні навакольнага асяроддзя і пераходзе да чыстай энергіі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 7 верасня грамадзян гэтай краіны і прэзідэнта Луіса Інасіу Лулу да Сілву з Днём Незалежнасці.

Паводле слоў віншавальніка, якія прыводзіць яго прэс-служба, Беларусь і Бразілію аб’ядноўвае “шматгадовая плённая супраца ў гандлёва-эканамічнай, аграрнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах”.

“Перакананы, закладзены трывалы падмурак беларуска-бразільскіх стасункаў дасць магчымасць і надалей дынамічна развіваць узаемадзеянне ў сферах узаемнага інтарэсу як у двухбаковым фармаце, так і на міжнародных пляцоўках”, — адзначыў ён.

Прымаючы даверчыя граматы бразільскага пасла 28 ліпеня 2026 года ў Мінску, Лукашэнка адзначыў “рост міжнароднай значнасці Бразіліі і яе ўнёску ў фармаванне глабальнага парадку дня”. Для Беларусі гэтая краіна, паводле яго слоў, з’яўляецца “найважнейшым гандлёва-эканамічным партнёрам у заходнім паўшар’і”.

Бразілія гістарычна з’яўлялася адным з асноўных імпарцёраў беларускіх калійных угнаенняў. Праз уведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі заходнія санкцыі пастаўкі гэтай прадукцыі ўскладніліся.

У красавіку 2022 года Бернард Клінгл, выступаючы ў Сенаце ў рамках працэдуры зацвярджэння яго амбасадарам у Беларусі, заяўляў, што абмежавальныя меры супраць вытворцы ўгнаенняў “Беларуськалій” і Беларускай калійнай кампаніі (БКК) ствараюць сур’ёзныя праблемы для Бразіліі, адзначаў, што рэсурсы, неабходныя для вытворчасці харчавання, не маюць станавіцца аб’ектам санкцый. Дыпламат назваў сваёй прыярытэтнай задачай на пасадзе амбасадара пошук спосабаў змякчыць або абысці перашкоды для доступу Бразіліі да беларускага калію.

Цяперашні амбасадар у Беларусі Жуліу Сезар Фонтэс Ларанжэйра на аналагічнай працэдуры ў Сенаце 7 траўня 2025 года заявіў, што Беларусь з’яўляецца “стратэгічна важнай краінай для Бразіліі дзякуючы імпарту хларыду калію, які забяспечвае каля 25–30% нацыянальнага попыту на гэты прадукт”. Ён заявіў, што ў выпадку зацвярджэння яго кандыдатуры мае намер “працягнуць і паглыбіць ініцыятывы маіх папярэднікаў, працягваць вынаходліва працаваць з беларускімі ўладамі, каб захаваць гандлёвыя патокі паміж дзвюма краінамі, перш за ўсё імпарт хларыду калію, гэтак неабходнага аграбізнесу”.

У сакавіку 2026 года ЗША выключылі “Беларуськалій” і БКК са свайго санкцыйнага спісу; шырокія абмежавальныя меры ЕС супраць беларускага сектара, звязанага з угнаеннямі, працягваюць дзейнічаць.

Згодна са статыстычнай базай міжнароднага гандлю ААН (UN Comtrade), у 2021 годзе Бразілія наўпрост імпартавала беларускіх угнаенняў на 596 млн долараў, у 2022-м — на 425,2 млн, у 2023-м — на 391,6 млн, у 2024-м — на 51,4 млн, у 2025-м — на 4,1 млн (апошняе — Trading Economics са спасылкай на UN Comtrade). Істотнае зніжэнне гэтага паказчыка не азначае, што рэальныя аб’ёмы паставак скараціліся такім жа чынам. Беларускія ўгнаенні фізічна могуць трапляць у Бразілію праз трэція краіны, у тым ліку як прадукцыя, маркіраваная іншымі вытворцамі.

Падзяліцца: