Мінск 20:17

Чыгуначны маршрут Расія — Пакістан можа быць падоўжаны да Беларусі пасля пачатку перавозак у сакавіку 2027 года

Ілюстрацыйнае фота: Önder Örtel / unsplash.com

5 верасня, Позірк. Чыгуначны маршрут Расія — Пакістан можа быць падоўжаны да Беларусі пасля пачатку перавозак у сакавіку 2027 года, вынікае з заявы пакістанскага амбасадара ў РФ Файсала Ніяза Цірмізі агенцтву ТАСС на палях Усходняга эканамічнага форуму (прайшоў 1–4 верасня ва Уладзівастоку).

“Тое, што мы цяпер разглядаем: налета ў сакавіку плануем першую перавозку з Масквы ў Ісламабад, Файсалабад, — сказаў дыпламат. — А пасля мы хочам пашырыць маршрут да Мінска, [пакістанскага] Гвадара і ўсіх рэгіёнаў, бо Пакістан — частка транспартнага калідора “Поўнач — Поўдзень”.

Дыпламат прызнаўся, што чакае надыходу часу, калі людзі з РФ і Беларусі “будуць ездзіць у Карачы, Ісламабад, Квету, Мултан”, а людзі з “гэтай часткі свету будуць ездзіць у Маскву, Пецярбург, Омск, Томск, Уладзівасток, Мінск”. З пачаткам перавозак па гэтым маршруце, на думку Цірмізі, надыдзе “глабальная інтэграцыя ўсіх”.

У жніўні амбасадар РФ у Пакістане Альберт Хораў паведаміў “Известиям”, што Масква і Ісламабад працуюць над запускам першага грузавога чыгуначнага маршруту.

“Вядзём з пакістанскімі партнёрамі працу над праектам арганізацыі першага грузавога чыгуначнага маршруту паміж нашымі краінамі па маршрутах Масква — Файсалабад і Масква — Карачы ў абодвух кірунках, — сказаў ён. — Прапрацоўваецца магчымасць падключэння да праекта беларускага боку”.

“Цяпер бакі знаходзяцца на стадыі завяршэння працы над кантрактам па аказанні паслуг і падбору зацікаўленых у перавозцы тавараў кампаній з краін на меркаваным маршруце руху цягніка”, — дадаў дыпламат.

6 жніўня амбасадар Беларусі ў Пакістане Андрэй Мяцеліца абмеркаваў з федэральным міністрам гандлю гэтай краіны Джамам Камалем Ханам, а таксама першым намеснікам міністра эканомікі Мухамадам Хумаірам Карымам “актуальныя пытанні развіцця двухбаковых эканамічных стасункаў”, а таксама падрыхтоўку 9-га пасяджэння двухбаковай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы.

Падзяліцца: