Мінск 19:02

РФ патрэбная беларуская мікраэлектроніка — Лукашэнка запэўніў Пуціна: “Мы тут не застанемся голымі”

Фота: прэс-служба прэзідэнта РФ

29 жніўня, Позірк. Улады Расіі зацікаўленыя ў беларускай мікраэлектроніцы, вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным 29 жніўня ў Нова-Агарове — падмаскоўнай рэзідэнцыі апошняга.

“Нам нашмат лягчэй абмяркоўваць нейкія пытанні для прыняцця рашэнняў, практычна пытанняў няма — урад добра працуе, — цытуе беларускага госця прэс-служба гаспадара сустрэчы. — Мы ўчора з [прэм’ер-міністрам РФ Мішусціным] Міхаілам Уладзіміравічам (вы ў курсе спраў) проста сістэмна і ўсёабдымна прапрацавалі ўвесь пералік. Прытым ініцыятарам быў не я, а Міхаіл Уладзіміравіч. Ён дастаў нататнік свой і па нататніку перачытаў, пералічыў усе гэтыя праблемы, пытанні. Мы іх прааналізавалі. Добрая такая адбылася размова, я нават падзякаваў яму за тое, што мы змаглі сустрэцца. Менш будзе нам працы”.

Лукашэнка заявіў, што тавараабарот Беларусі і Расіі “прыбаўляецца, гэта як мінімум 12%, там яшчэ трэба палічыць”. Ён перакананы, што па выніках 2026 года краіны “значна перасягнуць” леташні ўзровень узаемнага гандлю.

“І прыемна, што ў гэтым тавараабароце вялікае месца займае электроніка сучасная, — сказаў палітык. — Учора мы з Міхаілам Уладзіміравічам абмяркоўвалі вядомую вам тэму пра аб’яднанне намаганняў у электроніцы. Мы маем нядрэнныя кампетэнцыі. І нядаўна [віцэ-прэм’ер РФ] Дзяніс Мантураў прыязджаў да нас, глядзеў гэтыя прадпрыемствы са спецыялістамі. Мы выпрацоўвалі нейкую форму ўзаемаадносін у гэтым плане”.

“Але хачу вам сказаць, што (вось адзінае меркаванне вашага ўрада, мой пункт гледжання, нашага ўрада) — мы тут абсалютна не застанемся голымі і [не будзем] без гэтых тавараў мікраэлектронікі. Мы абсалютна ўсё сёння ствараем, што трэба, разам. Заўтра мы выйдзем на вельмі высокі ўзровень. Таму форму мы знойдзем, гэта не пытанне, як і па іншых кірунках супрацы”, — дадаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, беларускія ўлады “свята выконваюць усе дамоўленасці” з РФ — “ад сельскай гаспадаркі, харчавання, паліва і заканчваючы іншымі праблемамі”.

Палітык адзначыў, што ў тым ліку “дынаміка міжнародных стасункаў” падштурхоўвае іх з Пуціным сустракацца і “абмяркоўваць тыя праблемы”, якія перад імі стаяць.

“У тым, што мы разам будзем, супрацоўнічаючы, пераадольваць усялякія цяжкасці, — вы можаце нават у гэтым не сумнявацца, пра гэта ўжо казаў не адзін раз, сустракаючыся з прадстаўнікамі расійскага бізнесу, з кіраўніцтвам абласцей, рэгіёнаў. Таму ў нас такі сёння дзень будзе падвядзення некаторых вынікаў, а не прыняцця рашэнняў, я думаю”, — заявіў Лукашэнка.

Як заявіў на сустрэчы Пуцін, дынаміка іх з Лукашэнкам стасункаў такая, што “ўвесь час з’яўляюцца новыя і новыя моманты, на якія трэба звярнуць увагу, якія трэба ўзгадніць, адрэгуляваць”.

“Але ў цэлым хачу адзначыць, што <…> галоўны наш кірунак узаемадзеяння — гандлёва-эканамічны — развіваецца паспяхова, нягледзячы на ўсе спробы звонку неяк паўплываць на гэта, — сказаў ён. — Усё ж такі 50 (амаль, паводле нашай статыстыкі, 52) мільярды долараў абарот за мінулы год, гэта добры паказчык. Ну і сёлета за першыя шэсць месяцаў гэтага года — плюс яшчэ 12,5%, 4,5 мільярда прамых інвестыцый з Расіі, 2,5 тысячы прадпрыемстваў [у Беларусі] з расійскім удзелам”.

“І што самае важнае, на мой погляд, і самае прынцыповае — гэта тое, што мы ўзаемадзейнічаем і на традыцыйных кірунках, але і на кірунках, якія сёння з’яўляюцца асабліва важнымі: гэта высокія тэхналогіі. І тут я яшчэ раз дазволю сабе паўтарыць, дзякуючы вашым шматгадовым намаганням Беларусь многае захавала і прымножыла з таго, што было створана яшчэ ў часы Савецкага Саюза, і цяпер мы разам можам працягваць рух па гэтых кірунках, уключаючы мікраэлектроніку, некаторыя іншыя кірункі”, — сказаў Пуцін.

Прадстаўнікі ўладаў у Кіеве неаднаразова паведамлялі, што ў розных відах узбраення, якімі РФ наносіць удары па Украіне, выкарыстоўваюцца ў тым ліку электронныя кампаненты, вырабленыя ў Беларусі.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле даных журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

У ракеце, якой РФ ударыла па Харкаве, знойдзены беларускі кампанент

10 сакавіка, Позірк. У крылатай ракеце "Выраб 30", якой Расія ўдарыла па Харкаве ў ноч на 7 сакавіка, выкарыстоўвалася мікрасхема мінскага завода "Інтэграл", сведчаць звесткі на партале War&Sanctions Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны. Украінскія адмыслоўцы ідэнтыфікавалі 24 кампаненты ракеты. …
Падзяліцца: