Мінск 23:19

Рыжанкоў абмеркаваў з амбасадарам Сербіі “актуальныя пытанні”, пацверджаная гатоўнасць да “працягу дыялогу”

Бялград
Ілюстрацыйнае фота: wikimedia.org

25 жніўня, Позірк. “Актуальныя пытанні парадку дня і ход рэалізацыі раней дасягнутых дамоўленасцяў” абмяркоўваліся 25 жніўня ў Мінску на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова і амбасадара Сербіі Іліны Вукайлавіч.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага дыпламатычнага ведамства, суразмоўцы “пацвердзілі гатоўнасць бакоў да працягу дыялогу ў сферах узаемнай цікавасці”.

4 траўня амбасадара Вукайлавіч прыняў Аляксандр Лукашэнка. Тады палітык назваў Сербію “блізкай Беларусі краінай”.

8 траўня ў Бялградзе адбылася сустрэча амбасадара Беларусі ў Сербіі Сяргея Маліноўскага з прэзідэнтам гэтай краіны Аляксандрам Вучычам. Паводле сцвярджэння беларускага боку, суразмоўцы “пацвердзілі асаблівы характар беларуска-сербскіх стасункаў, заснаваных на гістарычных і духоўных сувязях паміж дзвюма дружалюбнымі краінамі і братэрскімі народамі”.

23–24 чэрвеня ў Мінску адбыліся 13-е пасяджэнне двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы, а таксама чарговы раўнд міжмідаўскіх кансультацый.

На гэтых кансультацыях, як паведамляў МЗС Беларусі, бакі “абмеркавалі спектр пытанняў двухбаковага парадку дня з акцэнтам на эканамічнае ўзаемадзеянне, абмяняліся меркаваннямі па глабальных і рэгіянальных праблемах і пацвердзілі блізкасць падыходаў па большасці з іх”.

10 ліпеня Вучыч заявіў, што Сербія, хоць і з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў Еўрасаюз, не далучылася да трох чвэрцяў санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі.

Вучыч быў першым сярод кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў, якія павіншавалі Лукашэнку з “перамогай на выбарах” 26 студзеня 2025 года. Ён зрабіў гэта праз два дні.

Дэкларуючы палітычную лаяльнасць Мінску, Сербія ў той жа час не адмаўляецца ад кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Пры садзейнічанні Вучыча быў вызвалены рэжысёр Андрэй Гнёт, арыштаваны ў Бялградзе на запыт беларускіх уладаў.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Сербіяй (правапераемніцай Югаславіі) былі ўсталяваныя 15 лістапада 1994 года. Актуальных даных пра аб’ёмы двухбаковага гандлю ў адкрытым доступе няма, раней беларуская амбасада ў краіне паведамляла, што ў 2024 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Сербіяй склаў 131,3 млн долараў (беларускі экспарт — 74,2 млн, імпарт — 57,1 млн).

Падзяліцца: