Мінск 19:34

Гродзенскія памежнікі з пачатку года канфіскавалі ў фізічных асоб дзевяць беспілотнікаў

12 жніўня, Позірк. Гродзенскія памежнікі з пачатку 2026 года канфіскавалі ў грамадзян дзевяць беспілотных лятальных апаратаў, паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт (ДПК).

Як адзначаецца, апошнім часам “шырокае распаўсюджванне атрымалі лятальныя гульнявыя прылады, абсталяваныя функцыямі фота- і відэаздымкі”, яны “трапляюць пад забарону выкарыстання і перамяшчэння праз мяжу разам з беспілотнікамі”.

З дзевяці канфіскаваных апаратаў сем “прызнаныя авіямадэлямі”.

Фізічныя асобы, якія перавозілі іх, не толькі пазбавіліся прылад, але і “панеслі адміністрацыйную адказнасць”, паведамляе ГПК.

Ведамства нагадвае, што паўторнае падобнае парушэнне на працягу года пацягне крымінальную адказнасць з пакараннем да двух гадоў пазбаўлення волі.

25 верасня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў”, які ўводзіць забарону для фізічных асоб на ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб грамадзянскіх БПЛА на тэрыторыі краіны. Дакумент уступіў у сілу 1 красавіка 2024 года.

Ён прадугледжвае, што ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб БПЛА дазволены толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам “у мэтах іх прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці з захаваннем патрабаванняў, устаноўленых гэтым указам”.

Пасля падпісанняў указа ў праўладную арганізацыю “Патрыёты Беларусі” было перададзена больш за 200 беспілотнікаў, паведаміла ў сакавіку 2024 года прэс-сакратар арганізацыі Ірына Сінькевіч.

Беспілотнікі часта выкарыстоўваюцца для кантрабанды беларускай тытунёвай прадукцыі ў суседнія з Беларуссю краіны ЕС.

Гл. таксама:

У другім чытанні прыняты законапраект аб крымінальнай адказнасці за дзеянні з беспілотнікамі

Падзяліцца: