Мінск 16:21

Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў патрабуюць спыніць пераслед прадстаўнікоў беларускай медыясферы

Ілюстрацыйнае фота: Global Look Press

7 жніўня, Позірк. З патрабаваннем спыніць пераслед прадстаўнікоў беларускай медыясферы выступілі 7 жніўня Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў.

У сумеснай заяве дзвюх структур адзначана, што “праз шэсць гадоў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 года ціск на свабоду прэсы ў краіне ўзмацніўся”.

“Цяпер 21 журналіст і работнік СМІ знаходзіцца ў зняволенні з палітычных матываў, а журналісты, вымушаныя пакінуць краіну, працягваюць сутыкацца з пераследам і запалохваннем, — гаворыцца ў дакуменце. — Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў далучаюцца да свайго партнёра — Беларускай асацыяцыі журналістаў — з заклікам спыніць крыміналізацыю журналісцкай дзейнасці і неадкладна і без якіх-небудзь умоў вызваліць усіх, хто апынуўся ў турме за выкананне сваёй прафесійнай працы”.

У заяве згадваюцца Кірыл Позняк, Уладзімір Янукевіч, Андрэй Пакаленка, Павел Добравольскі, Алег Хаменка, Ціна Палынская, якія знаходзіцца ў няволі.

“Пры гэтым пераслед не абмяжоўваецца тэрыторыяй Беларусі — журналісты, якія знаходзяцца ў эміграцыі, таксама працягваюць зазнаваць запалохванне, — адзначылі медыяструктуры. — У апошнія гады беларускія ўлады актыўна пераследуюць незалежных журналістаў, вымушаных пакінуць краіну. Паводле даных БАЖ, супраць іх узбуджаюцца крымінальныя справы, у дамах іх сваякоў праводзяцца вобшукі, іх маёмасць канфіскуецца, а самі журналісты абвяшчаюцца ў міжнародны вышук”.

“Праз палітычны ціск беларускія журналісты ў эміграцыі, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпартоў, пазбаўленыя магчымасці падоўжыць дакументы, што стварае ім сур’ёзныя цяжкасці ў краінах знаходжання, найперш у дзяржавах Еўрасаюза, а таксама ва Украіне і Грузіі. Такі ўнутраны палітычны ціск, які праяўляецца ў выглядзе знешніх бюракратычных перашкодаў, парушае права журналістаў свабодна займацца сваёй прафесійнай дзейнасцю”, — падкрэслілі МФЖ і ЕФЖ.

Аўтары заявы канстатавалі, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі “не толькі перашкаджае журналістам выконваць сваю працу і парушае права грамадства на атрыманне інфармацыі, запалохваючы, пераследуючы і кідаючы іх у турмы, але і замахваецца на фундаментальныя грамадзянскія правы журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні, а таксама работнікаў СМІ, вымушаных жыць у эміграцыі”.

“Мы зноў пацвярджаем нашу нязменную падтрымку БАЖ і беларускіх журналістаў і патрабуем спыніць іх крыміналізацыю і пераслед. Мы таксама заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх зняволеных журналістаў і работнікаў СМІ”, — гаворыцца ў дакуменце.

Пасля падзей 2020 года ў Беларусі практычна не засталося незалежных грамадска-палітычных СМІ. Многія рэдакцыі пасля разгрому (вобшукі, канфіскацыя тэхнікі, арышты, блакаванне) альбо закрыліся, альбо былі вымушаныя працягнуць працу за мяжой. Як правіла, на радзіме яны маюць “экстрэмісцкі” статус.

Некаторыя незалежныя сеткавыя СМІ, што засталіся ў краіне, у інтарэсах бяспекі пераключыліся на бытавыя тэмы.

Непадкантрольная ўладам журналісцкая дзейнасць дэ-факта крыміналізаваная.

Падзяліцца: