Мінск 16:24

Намеснік каардынатара спецслужбаў Польшчы: У Мінску павінны ведаць, што з боку Варшавы ім не пагражае агрэсія

Фота: gov.pl

5 жніўня, Позірк. Пра неабходнасць “размаўляць на розныя тэмы” з кожным з суседзяў, у тым ліку з рэжымам у Мінску, заявіў у інтэрв’ю ютуб-праекту “Didaskalia” намеснік міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў генерал Радаслаў Куява.

“У нас з Беларуссю існуюць дыпламатычныя адносіны, і тое, што нам удалося дамагчыся вызвалення спадара Анджэя Пачобута, з’яўляецца толькі адным з доказаў таго, што такія перамовы варта весці”, — падкрэсліў Куява.

На яго думку, “гэта таго каштавала” і “гэта відавочны доказ таго, што крытыкаваць спецслужбы ці нават дзяржаву за тое, што яны вядуць дыялог, — непрафесійна”.

“Зразумела, у канцы ўзнікае пытанне аб легітымнасці прэзідэнта Лукашэнкі, і гэта тое, што з нашага пункту гледжання мае значэнне. Скажу толькі так: Беларусь павінна ведаць, што з боку Польшчы ёй не пагражае агрэсія. Калі яна зможа запэўніць нас, што з яе боку мяжы гэтага таксама не адбудзецца, то, думаю, гэта з’яўляецца каштоўнасцю для польскай дзяржавы”, — сказаў намеснік міністра.

Адказваючы на пытанне, што наколькі небяспечны для Польшчы беларускі КДБ, Куява адзначыў, што гэтая спецслужба не з’яўляецца для Варшавы “вялікай пагрозай”, хоць і “ўяўляе сабой пагрозу”.

“Расія — гэта дзяржава, якая рэальна разглядае ваенныя рашэнні як спосаб дасягнення палітычных мэтаў. Беларусь у гэтым кантэксце нам не пагражае, а галоўнай задачай беларускіх спецслужбаў з’яўляецца абарона цяперашняй улады. Па гэтай прычыне яны разглядаюць нас як пагрозу — найбуйнейшага суседа з Еўрапейскага саюза і НАТО. У гэтым кантэксце яны лічаць пагрозай беларускую дыяспару як на тэрыторыі Польшчы, так і ўсёй Еўропы”, — дадаў ён.

З пункту гледжання “функцыянавання дзвюх дзяржаў”, сказаў Куява, выклікам для Польшчы, якая прайшла “шлях барацьбы з таталітарызмам”, з’яўляецца неабходнасць прывыкнуць да краін па суседстве, “дэмакратычны мандат якіх носіць ілюзорны характар і заснаваны на несумленных працэдурах”.

“Мы павінны вырашыць, як у гэтай рэальнасці выбудаваць кіраванне нашымі адносінамі. Калі глядзець яшчэ і з таго пункту гледжання, што суверэнітэт Беларусі адпавядае нашым інтарэсам, — суверэнітэт, незалежнасць, дзяржаўнасць, здольнасць самастойна вызначаць уласныя мэты, нягледзячы на блізкасць да Расіі, — усё гэта адпавядае нашым інтарэсам”, — заявіў генерал.

Разважаючы на тэму магчымага ўступлення Беларусі ў ЕС, ён даў зразумець, што гэта цяжка ўявіць, бо цяпер Польшча не можа “эфектыўна падтрымаць” нават імкненне Украіны да ўступлення ў Еўрапейскі саюз.

Гаворачы пра дыялог з Мінскам, Куява падкрэсліў, што “тут існуе больш дылемаў з беларускага боку”: “У нас ёсць пэўны псіхалагічны бар’ер, да якога нам трэба паступова прызвычаіцца”.

28 красавіка на беларуска-польскай мяжы адбыўся “шпіёнскі” абмен “5 на 5”, у выніку якога быў вызвалены журналіст, актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут.

2024–2025 гады ў Польшчы характарызаваліся “падвышанай і нарастаючай актыўнасцю перш за ўсё расійскіх, а таксама беларускіх, якія цесна супрацоўнічаюць з імі, і кітайскіх спецслужбаў”. Такія высновы ўтрымліваюцца ў апублікаванай 6 траўня справаздачы Агенцтва ўнутранай бяспекі (АУБ) Польшчы, прысвечанай асобным аспектам дзейнасці спецслужбы ў згаданы перыяд.

У прысвечаным Беларусі раздзеле дакумента гаворыцца, што Польшча “застаецца для беларускай выведкі нязменна прыярытэтнай аператыўнай мэтай”: “У 2024–2025 гадах найважнейшай задачай спецслужбаў Беларусі была абарона рэжыму, таму іх актыўнасць засяроджвалася на інфільтрацыі і дэзінтэграцыі шматлікіх беларускіх апазіцыйных супольнасцяў, якія дзейнічаюць у Польшчы”.

У ліпені Польшча зафіксавала рэкордную з пачатку 2026 года колькасць спробаў нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі — 106, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз аператыўных звестак памежнай службы суседняй краіны.

Падзяліцца: