Мінск 23:00

Грамадзянам Беларусі і РФ плануецца аўтаматычна дазваляць жыць у другой з краін

9 ліпеня, Позірк. У якасці асновы для правядзення перамоў ухвалены праект пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян дзвюх краін на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыях дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Згодна з падпісаным ім указам, беларускі бок даручана прадстаўляць Міністэрству замежных спраў.

Прадугледжваецца магчымасць “атрымання грамадзянамі аднаго боку дазволу на часовае або пастаяннае пражыванне на тэрыторыі другога боку на падставе прыналежнасці гэтых асоб да грамадзянства аднаго з бакоў”.

Акрамя таго, плануецца скараціць тэрмін разгляду дакументаў для атрымання дазволу на пастаяннае пражыванне з трох да двух месяцаў.

Прапануецца пашырыць пералік дакументаў для грамадзян Беларусі, па якіх магчымы ўезд, выезд, транзітны праезд, перамяшчэнне і знаходжанне на тэрыторыі РФ (біяметрычны пашпарт, біяметрычны дыпламатычны пашпарт, біяметрычны службовы пашпарт, ідэнтыфікацыйная карта).

У пагадненне, якое было падпісана 24 студзеня 2006 года, уносіліся змены 3 сакавіка 2015-га.

У цяперашні час, сярод іншага, “грамадзяне аднаго боку, якія прыбылі на тэрыторыю другога боку, на працягу 90 дзён з даты ўезду вызваляюцца ад рэгістрацыі ў кампетэнтных органах па месцы знаходжання”.

Падзяліцца: