У Літве абвешчаная дакамерцыйная закупка паслуг па распрацоўцы тэхналогій барацьбы з метэазондамі

9 ліпеня, Позірк. Дакамерцыйную закупку паслуг па распрацоўцы тэхналогій абароны паветранай прасторы абвясціла Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы сумесна з Агенцтвам інавацый.
Паводле інфармацыі САДМ, дзяржава гатовая выдзеліць 3 млн еўра на стварэнне “тэхналогій нейтралізацыі пагроз, звязаных з парушэннямі паветранай прасторы, выкліканымі метэаралагічнымі паветранымі шарамі”.
Фінансаванне прызначанае для “распрацоўкі перадавых тэхналогій процідзеяння, якія дапамогуць выяўляць, адсочваць і нейтралізоўваць незаконныя аб’екты, што знаходзяцца ў паветранай прасторы”.
“Для гэтага выкліку на рынку не існуе гатовых канчатковых тэхналагічных рашэнняў, таму дзяржава сама бярэ на сябе ініцыятыву аб’яднаць установы і бізнес дзеля агульнай мэты, каб стварыць неабходную Літве тэхналогію, — цытуе прэс-служба ведамства міністра эканомікі і інавацый Эдвінаса Грыкшаса. — Для гэтай дакамерцыйнай закупкі мы знайшлі фінансаванне ў памеры 3 мільёнаў еўра. Ацаніўшы важнасць праекту, мы павялічылі яго бюджэт з першапачаткова запланаванага 1 млн еўра. Мы верым, што такая супраца дзяржавы і інавацыйнага бізнесу дасць магчымасць стварыць перадавое рашэнне, якое не толькі ўзмоцніць абарону паветранай прасторы Літвы, але і адкрые новыя магчымасці для нашай экасістэмы абаронных і ахоўных тэхналогій”.
Літоўская памежная служба адзначае, што “тэхналагічнае рашэнне распрацоўваецца з мэтай вырашэння праблем бяспекі паветранай прасторы, якія ўзнікаюць праз метэаралагічныя паветраныя шары, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды з Беларусі”. “Адначасова могуць быць запушчаныя некалькі дзясяткаў такіх шароў, таму яны ствараюць рызыку для грамадзянскай авіяцыі, могуць парушаць паветраны рух і ў будучым быць выкарыстаныя для перавозкі небяспечных грузаў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Намеснік камандуючага САДМ Антанас Мантвідас заявіў, што пасля прыняцця дзяржавай “эфектыўных мер па барацьбе з кантрабандай, якая дастаўляецца з Беларусі паветранымі шарамі, апошнім часам колькасць такіх спробаў значна скарацілася”. Разам з тым, паводле яго слоў, “неабходна і надалей інвеставаць у перадавыя тэхналагічныя рашэнні, якія дапамогуць яшчэ больш эфектыўна нейтралізаваць пагрозы, што ствараюцца паветранай кантрабандай”.
Паведамляецца, што закупка будзе рэалізаваная ў некалькі стадый: спачатку пройдзе адбор удзельнікаў, пасля адбудуцца два этапы распрацоўкі тэхналагічнага рашэння. На першым этапе тры лепшыя ўдзельнікі атрымаюць па 233 тыс. еўра на стварэнне прататыпа тэхналагічнага рашэння і яго дэманстрацыю ў рэальных умовах. На другім этапе аднаму з іх будзе выдзелена 2,3 млн еўра на стварэнне доследнай партыі і канчатковае пацвярджэнне рашэння ў рэальных умовах эксплуатацыі.
Да ўдзелу запрашаюцца кампаніі, якія на працягу апошніх 3 гадоў займаліся навуковымі даследаваннямі і эксперыментальнымі распрацоўкамі ў сферы абароны ці бяспекі альбо стварылі і вывелі на рынак тэхналагічны прадукт, сістэму, кампанент ці праграмнае забеспячэнне ў гэтай сферы.
Прапанаванае рашэнне мае быць прызначанае для вайсковай сферы, сферы грамадскай бяспекі або мець падвойнае прызначэнне (dual-use).
“Згодна з умовамі закупкі, прадпрыемствы павінны распрацаваць рашэнне, якое забяспечыць адзінае кіраванне пагрозамі, інтэграцыю даных, а таксама створыць магчымасці для перахопу, маркіроўкі або, пры неабходнасці, нейтралізацыі аб’ектаў. Яшчэ адной важнай функцыяй стане назапашванне звестак пра інцыдэнты, журналаў дзеянняў і базы доказаў, якія дазваляюць фіксаваць і аднаўляць увесь ход падзей. Рашэнне мае распрацоўвацца паводле прынцыпу модульнай архітэктуры”, — гаворыцца ў паведамленні САДМ.
Прапановы можна накіроўваць у Агенцтва інавацый да 11 верасня.
Падкрэслена, што ўдзел у дакамерцыйнай закупцы “не стварае абавязацельстваў для арганізацыі, што закупляе, каб у будучым набыць распрацаванае тэхналагічнае рашэнне”.
9 снежня 2025 года ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, што перавозяць кантрабанду”.
Спыненне ўварвання аэрастатаў з кантрабандай названае ўладамі Літвы адной з умоў пачатку дыялогу з Мінскам на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Такога дыялогу патрабуе ад Вільнюса рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Уварванне шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі ў Літву ўвосені і на пачатку снежня мінулага года стала прычынай неаднаразовага закрыцця аэрапорта Вільнюса, размешчанага непадалёк ад мяжы. Апошні раз (дзясяты ад пачатку 2026 года) аэрапорт прыпыняў працу з гэтай прычыны ў ноч на 8 чэрвеня.
13 чэрвеня 2026 года ў Вільнюскай акрузе кароткачасова абвяшчалася паветраная трывога. Аб’ект выявіўся не дронам, як першапачаткова меркавалася, а метэаралагічным аэрастатам. 20 і 21 траўня ў Літве абвяшчалася паветраная трывога праз выяўленне сігнатуры беспілотнікаў з боку Беларусі.

- Грамадства
- ГрамадстваБелгідрамет: Тэмпература ў першым паўгоддзі здзіўляла кантрастамі, змяняючы ўяўленне пра мяккі беларускі кліматМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваУ чэрвені Літва надала статус уцекача 23 грамадзянам БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- ГрамадстваБелгідрамет: Ураджай сёлета будзе не без стратМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа паўгода колькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве зменшылася на 3,33% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка

