Мінск 21:22

За збыт наркотыкаў затрыманы непаўналетні жыхар Оршы

9 ліпеня, Позірк. Затрыманы 16-гадовы жыхар Оршы (Віцебская вобласць) за збыт наркотыкаў, паведамляе Міністэрства унутраных спраў.

Фігурант узяты на месцы злачынства ў Магілёўскай вобласці “пры выкананні чарговага задання”. Пры ім, а таксама ў тайніках на тэрыторыі Бабруйскага (Магілёўская вобласць) і Аршанскага раёнаў знойдзена і канфіскавана больш за 200 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва “Альфа-PVP”.

Па дадзеных следства, “злачынная кар’ера падлетка працягнулася менш за месяц”.

Распачата крымінальная справа за незаконны абарот наркатычных сродкаў у складзе арганізаванай групы (ч. 4 арт. 328 КК). Затрыманаму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі, зазначае МУС.

24 чэрвеня паведамлялася пра затрыманне 14-гадовага жыхара Брэста, які працаваў закладчыкам каля двух тыдняў. Юнак быў затрыманы з доказамі злачынства. Пры ім выяўлена і канфіскавана больш за 50 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва мефедрон. Распачата крымінальная справа “за нарказбыт”.

Крымінальная адказнасць за распаўсюджванне наркотыкаў надыходзіць у Беларусі з 14 гадоў.

Як паведамляў “Позірк”, паводле дадзеных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных па “наркатычных” артыкулах Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту ў 2025 годзе быў асуджаны 51 непаўналетні (у 2024-м — 68). Пазбаўленнем волі пакарана 50 (67), абмежаваннем — адзін (0).

Колькасць непаўналетніх, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў без мэты збыту, павялічылася — з 12 у 2024 годзе да 17 у 2025-м. Восем з іх (47,1%) пакараныя абмежаваннем волі (8; 66,7%), двое адпраўленыя пад арышт (11,8%; у 2024-м арышт не прызначаўся).

Тры чалавекі (17,6%) асуджаныя з адтэрміноўкай выканання пакарання (годам раней — два), столькі ж — з умоўным непрымяненнем пакарання (адзін; 8,3%). Адзін чалавек (5,9%) вызвалены ад адбывання пакарання (у 2024 годзе не вызваляліся).

Падзяліцца: