Мінск 19:33

Інданезія можа ўвесці кароткатэрміновы бязвіз для грамадзян Беларусі — Рыжанкоў

Джакарта — сталіца Інданезіі
Ілюстрацыйнае фота: Muhammad Ravel / unsplash.com

1 ліпеня, Позірк. Інданезія можа ўвесці кароткатэрміновы бязвізавы рэжым для грамадзян Беларусі, вынікае з заявы беларускага міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова 1 ліпеня ў Джакарце.

“На сустрэчы з маім калегам міністрам замежных спраў [Інданезіі Сугіёнам] мы абмяркоўвалі шырокі пласт пытанняў менавіта палітычнай супрацы — узаемнай падтрымкі на міжнародных пляцоўках, але, акрамя таго, і тыя рэчы, што важныя нашым людзям, — сказаў ён (на падставе відэакаментарыю ў неафіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі). — Мы казалі пра тое, што ў найбліжэйшы час Інданезія больш уважліва паглядзіць на пытанне вызвалення беларускіх грамадзян ад неабходнасці атрымання візы ў аэрапорце для наведвання Інданезіі на тэрмін да 30 дзён. Гэта была б добрая магчымасць для пашырэння кантактаў”.

На гэты момант грамадзянам Беларусі для ўезду ў Інданезію неабходна афармляць у аэрапорце “візу па прыбыцці”. Яе кошт складае 35 долараў.

Акрамя таго, паводле слоў Рыжанкова, “чакаецца адказ інданезійскага боку на прапанову Беларусі пра запуск прамога авіярэйса”. Чыноўнік лічыць, што гэта была б “добрая навіна для турыстаў і прадстаўнікоў бізнесу”.

Інданезія, як сцвярджае беларускі міністр, прапанавала адкрыць дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Мінску (амбасада Беларусі ў Джакарце працуе з 11 чэрвеня 2012 года).

Стасункі з Інданезіяй “носяць комплексны характар”, сказаў Рыжанкоў, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што “сустрэча лідараў дзвюх краін надасць не проста імпульс, а на самой справе адкрые новыя магчымасці для супрацы”.

Чыноўнік заявіў, што на найвышэйшым узроўні будзе зацверджаная дарожная карта супрацы Беларусі і Інданезіі. Дакумент, паводле яго слоў, “вельмі дэталёва прапісвае ўсе напрамкі супрацы — ад гуманітарнага да гандлёва-эканамічнага”.

Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Інданезію 1 ліпеня. Запланаваныя перагаворы з прэзідэнтам гэтай краіны Прабавам Субіянтам — “у вузкім і пашыраным складах”. “Асаблівы акцэнт” плануецца зрабіць на “перспектывах развіцця стасункаў у гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах, па лініі гуманітарнай супрацы”.

Лукашэнка сустракаўся з Прабавам Субіянтам 15 ліпеня 2025 года ў адной са сваіх рэзідэнцый. Сустрэча не анансавалася. Пра яе змест таксама не паведамлялася, прэс-служба гаспадарскага боку сцвярджала, што абмяркоўвалася “шырокае кола тэм”.

Двухбаковую вайсковую супрацу абмяркоўвалі ў Мінску 28 ліпеня таго ж года начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка і міністр абароны Інданезіі Шафры Шамсуддзін.

5–7 жніўня 2025 года гэтую краіну наведваў Рыжанкоў, абмяркоўваліся “пытанні паставак беларускай тэхнікі, а таксама стварэння ў Інданезіі зборачных вытворчасцяў”.

Раней Джакарта выказвала зацікаўленасць у больш актыўным імпарце беларускіх калійных угнаенняў.

Па выніках 2024 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 44,1% у параўнанні з 2023-м (89,1 млн) і склаў 128,4 млн долараў (даныя МЗС Інданезіі). З іх 43,6 млн прыпала на экспарт Джакарты (13,4 млн; +225%).

Лукашэнка быў у Інданезіі ў 2013 годзе.

Падзяліцца: