Мінск 14:40

Каля мяжы з Польшчай затрыманыя два чалавекі з БПЛА — ДПК

1 ліпеня, Позірк. Аб затрыманні двух грамадзян Беларусі з беспілотным лятальным апаратам паблізу мяжы з Польшчай паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт (ДПК).

Затрыманне адбылося ў ноч на 25 чэрвеня. На месцы здарэння “выяўленыя аўтамабіль “Аўдзі“, а таксама беспілотны лятальны апарат мультыротарнага тыпу саматужнай вытворчасці, пульт кіравання, восем акумулятарных батарэй, ноўтбук са спецыяльным праграмным забеспячэннем і антэна”, адзначае ДПК. “Усе выяўленыя прадметы канфіскаваныя для правядзення экспертызы і ўстанаўлення ўсіх абставінаў“, — гаворыцца ў паведамленні.

У дачыненні да затрыманых распачаты адміністрацыйны працэс за “парушэнне памежнага рэжыму” (ч. 2 арт. 24.19 КаАП).

Акрамя таго, гаворыцца ў рэлізе, у іх дзеяннях угледжваюцца прыкметы “парушэнняў правілаў выкарыстання паветранай прасторы“ (ч. 2 арт. 18.35 КаАП) і “незаконных дзеянняў у дачыненні да грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў“ (ч. 1 арт. 18.38 КаАП).

Адзначаецца, што парушальнікам пагражае штраф у памеры да 130 базавых велічынь (5.850 рублёў) з канфіскацыяй беспілотніка.

11 чэрвеня ДПК паведамляў, што з пачатку 2026 года органы пагранслужбы выявілі 12 фактаў незаконнага ўвозу беспілотных лятальных апаратаў з тэрыторыі краін ЕС, а таксама “выпадкі іх захоўвання і выкарыстання на тэрыторыі Беларусі“.

25 верасня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў”, які ўводзіць забарону для фізічных асоб на ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб грамадзянскіх БПЛА на тэрыторыі краіны. Дакумент уступіў у сілу 1 красавіка 2024 года.

Ён прадугледжвае, што ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб БПЛА дазволены толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам “у мэтах іх прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці з захаваннем патрабаванняў, устаноўленых гэтым указам”.

Пасля падпісанняў указа ў праўладную арганізацыю “Патрыёты Беларусі” было перададзена больш за 200 беспілотнікаў, паведаміла ў сакавіку 2024 года прэс-сакратар арганізацыі Ірына Сінькевіч.

Падзяліцца: