Мінск 23:04

Кіраўнік ЦПД СНБА Украіны назваў “вартай жалю правакацыяй” спробы абвінаваціць УСУ ў атацы на беларускі аўтобус у Бранскай вобласці

Фота: Yehor Milohrodskyi / unsplash.com

17 чэрвеня, Позірк. “Вартай жалю правакацыяй”, якая мае “ўсе прыкметы скаардынаванай аперацыі без якіх-небудзь фактычных доказаў”, назваў спробы абвінаваціць УСУ ў атацы на беларускі аўтобус у Бранскай вобласці (Расія) кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі Савета нацыянальнай бяспекі і абароны (ЦПД СНБА) Украіны Андрэй Каваленка.

Паводле яго слоў, такія правакацыі “тыповыя для прапагандыстаў РФ”.

“Расіяне ўбачылі, што беларусы не хочуць падтрымліваць агрэсіўную рыторыку Расіі ў дачыненні да Украіны, і прыдумалі “тэракт у аўтобусе з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці” ў надзеі з дапамогай гэтай інфармацыйнай правакацыі падбухторыць беларускае насельніцтва да падтрымкі агрэсіўных дзеянняў супраць Украіны”, — напісаў Каваленка ў сваім тэлеграм-канале.

Раней Генштаб УСУ заявіў, што ўкраінскі бок не мае дачынення да атакі аўтобуса. Абвінавачванні ў гэтым спікер Генштаба Андрэй Кавалёў назваў “чарговай інфармацыйнай правакацыяй Крамля”.

Украінскае ваеннае камандаванне заявіла таксама, што ў названы перыяд Сілы абароны Украіны не ўжывалі беспілотныя лятальныя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласці.

Украінскі бок у атацы на беларускі аўтобус абвінаваціла Міністэрства замежных спраў Беларусі.

“Расцэньваем гэта як чарговы акт тэрарызму супраць мірнага насельніцтва. Патрабуем ад украінскага боку вычарпальных тлумачэнняў”, — гаворыцца ў заяве ведамства.

Праўладная партыя “Белая Русь” распаўсюдзіла заяву, у якой “рашуча асуджае подлы бесчалавечны акт тэрарызму, учынены ўкраінскімі ўзброенымі фарміраваннямі ў дачыненні да непаўналетніх грамадзян”. Яна запатрабавала “неадкладнага міжнароднага асуджэння гэтага злачынства”.

Амбасадар Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў абвінаваціў Кіеў у “наўмысным і ўсвядомленым” удары па аўтобусе. “Гэта проста немагчыма было не заўважыць, нельга пераблытаць з вайсковай тэхнікай. Яны выдатна разумелі, што робяць”, — гаворыцца ў яго заяве.

17 чэрвеня ў Бранскай вобласці адбылася атака ўдарнага БПЛА па двухпавярховым аўтобусе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 горада Рэчыца (Гомельская вобласць). У транспартным сродку, які рухаўся па маршруце Гомель — Геленджык, знаходзіліся 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння.

Пацярпелі восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей. Яны шпіталізаваныя ў бальніцы Бранскай вобласці. Аднаму дзіцяці зроблена аперацыя.

Сярод людзей, якія суправаджалі дзяцей, была жонка трэнера з рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула. Жанчына родам з Луганска (акупаваная тэрыторыя Украіны), доўга пражывала ў Беларусі.

Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу.

Падзяліцца: