Мінск 22:29

СБУ распачала крымінальную справу па факце ўдару РФ па сховішчы адпрацаванага паліва ў раёне ЧАЭС

Ілюстрацыя: СБУ

7 чэрвеня, Позірк. Як ваеннае злачынства кваліфікаваны Службай бяспекі Украіны (СБУ) удар Расіі па сховішчы адпрацаванага паліва ў раёне Чарнобыльскай АЭС. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале спецслужбы.

Распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 438 КК Украіны (ваеннае злачынства).

Паводле звестак СБУ, Узброеныя сілы РФ нанеслі ўдар беспілотным лятальным апаратам “Герань-2” 7 чэрвеня ў 2:05. Асобныя элементы дрона “ўжо знойдзеныя на месцы паражэння”, гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што ў выніку выбуху “атрымалі пашкоджанні будынкі прыёму і перагрузкі адпрацаванага ядзернага паліва і адміністрацыйны корпус МАГАТЭ”.

“Таксама ўстаноўлена, што ўдар не паўплываў на вытворчы працэс сховішчы”, — падкрэслілі ў СБУ.

Радыяцыйны фон знаходзіцца “ў норме”, “загінулыя і параненыя адсутнічаюць”, паведамляецца ў рэлізе.

“Следчыя Службы бяспекі Украіны пры працэсуальным кіраўніцтве Кіеўскай абласной пракуратуры прымаюць комплексныя меры, каб знайсці і пакараць датычных да гэтай атакі”, — адзначае СБУ.

Раней удар па сховішчы асудзіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.

Пра атаку “варожага беспілотніка” па сховішчы раней паведаміла ўкраінская дзяржкампанія “Энергаатам”.

Удар, як адзначалася, быў нанесены 7 чэрвеня ў 2:10. У выніку быў часткова разбураны будынак прыёмкі кантэйнераў. Падкрэслівалася, што “адпрацаванае ядзернае паліва ў ім не захоўвалася”.

“Ачаг узгарання плошчай 40 кв. м аператыўна лакалізаваны і цалкам ліквідаваны. Пацярпелых сярод персаналу няма. Радыяцыйны стан на пляцоўцы сховішчы застаецца ў межах нормы”, — гаварылася ў паведамленні.

26 красавіка 1986 года ў 1:23 здарылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа — аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Нягледзячы на тое, што атамная станцыя размешчана ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку разбурэння рэактара, асела ў Беларусі.

Падзяліцца: