Мінск 14:43

Міністр знешняга гандлю ААЭ абмеркаваў з прэм’ерам Турчыным інвестыцыі і шырокую супрацу

Фота: прэс-служба Савета міністраў Беларусі

6 чэрвеня, Позірк. Інвестыцыі і шырокая супраца Беларусі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў абмяркоўваліся 6 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына і міністра знешняга гандлю ААЭ Тані бін Ахмеда аль-Зеюдзі.

“Гэта была выдатная сустрэча, мы цудоўна правялі дыялог з прэм’ер-міністрам, — заявіў госць па выніках перагавораў (на падставе відэазапісу ў тэлеграм-канале беларускага ўрада). — Таксама прадстаўнікі нашых бізнес-колаў выдатна ўзаемадзейнічаюць з прадстаўнікамі Беларусі. Мы абмяркоўвалі двухбаковыя пагадненні, што былі падпісаныя летась — іх рэалізацыю, ратыфікацыю, чаканні. Мы спадзяемся, што яны цалкам набудуць моц да канца гэтага года”.

“Мы таксама абмяркоўвалі розныя інвестыцыі, напрыклад, у “Паўночны Бераг”, інвестыцыі ў сферу тэлекамунікацый, харчовую бяспеку, гандаль, цэнтры апрацоўкі даных. Таксама інвестыцыі і супрацу ў сферы прамысловасці, <…> іншыя праекты, якія адназначна пойдуць на карысць дзвюх краін. Мы ўпэўненыя, што па выніках дыялогу будуць дасягнутыя станоўчыя вынікі і развіццё”, — заявіў міністр знешняга гандлю ААЭ.

Турчын на сустрэчы заявіў, што ААЭ “цягам доўгіх гадоў” з’яўляюцца сябрамі Беларусі. Заявіўшы, што Мінск з трывогай назірае за сітуацыяй на Блізкім Усходзе, ён выказаў спадзеў на тое, што канфлікт завершыцца як мага хутчэй і жыццё вернецца “ў звыклае рэчышча”.

“Я ведаю, спадар міністр, вы два дні шчыльна працуеце. Наша краіна мае цэлы шэраг прапаноў, — сказаў кіраўнік беларускага ўрада. — На тэрыторыі нават непасрэдна горада Мінска рэалізавалі з дапамогай інвестараў з вашай краіны цэлы шэраг знакавых праектаў (і зараз яны рэалізуюцца). Таму я ўпэўнены, што мы мае, так бы мовіць, вялікае поле для далейшых узаемных дзеянняў”.

“Вы ўжо не першы раз у нашай краіне. Падчас мінулага вашага візіту быў падпісаны цэлы шэраг важных дакументаў, у тым ліку двухбаковых — паміж Беларуссю і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, якія, я ўпэўнены, дадуць яшчэ больш магутны імпульс для павелічэння або ўзмацнення нашых гандлёва-эканамічных стасункаў. Таму я ўпэўнены, спадар міністр, што з вашай дапамогай мы прыйдзем ужо да цэлага шэрагу практычных рэалізацый нашых напрацовак у розных сферах”, — падкрэсліў Турчын.

Напярэдадні стан інвестыцыйнай супрацы і перспектывы рэалізацыі ўзаемавыгадных інвестпраектаў аль-Зеюдзі абмеркаваў з міністрам эканомікі Юрыем Чабатаром.

9 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення паміж Беларуссю і ААЭ, якое прадугледжвае стварэнне зоны свабоднага гандлю паслугамі, “вызначае мэты супрацы і замацоўвае гарантыі захавання празрыстых і стабільных умоў гандлю”.

Умацаванне партнёрства Беларусі і ААЭ на аснове сяброўства і агульнасці мэтаў будзе садзейнічаць “адкрыццю новых гарызонтаў узаемадзеяння і прынясе адчувальны плён народам абедзвюх дзяржаў”, заявіў Лукашэнка, віншуючы 2 снежня таго ж года з Днём стварэння федэрацыі прэзідэнта ААЭ Мухамеда бен Заіда аль-Нахаяна.

Віншуючы віцэ-прэзідэнта і прэм’ер-міністра ААЭ, кіраўніка Дубая Мухамеда бен Рашыда аль-Мактума, Лукашэнка адзначыў, што “высока цэніць канструктыўныя стаскнкі з Эміратамі”.

Спадкаемнаму прынцу Абу-Дабі, старшыні выканаўчага савета Абу-Дабі Халеду бен Мухамеду бен Заіду аль-Нахаяну беларускі палітык нагадаў пра сустрэчу ў Мінску, якая “дала новы імпульс паглыбленню беларуска-эмірацкіх стасункаў”.

“Беларусь цалкам нацэленая на практычную рэалізацыю ўсіх дасягнутых дамоўленасцей і пашырэнне новых напрамкаў супрацы, якія адпавядаюць інтарэсам абедзвюх дзяржаў”, — запэўніў Лукашэнка.

ДзяржСМІ, інфармуючы пра сустрэчу Лукашэнкі са спадкаемным прынцам Абу-Дабі, якая прайшла 27 чэрвеня 2025-га ў Мінску, паведамілі, што па выніках 2024-га тавараабарот паміж краінамі склаў 3,7 млрд долараў, у тым ліку беларускі экспарт — 3,66 млрд, з чаго вынікае, што апошні за тры гады вырас у 62,35 раза. У 4,1 раза, да 242 млн долараў, павялічыўся за той жа перыяд аб’ём штогадовых інвестыцый з ААЭ, што прыцягваюцца на чыстай аснове.

У апошнія гады Мінск і Абу-Дабі актывізуюць, у прыватнасці, вайсковую супрацу. У снежні 2024-га Лукашэнка здзейсніў дзесяты візіт у гэтую арабскую краіну.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і ААЭ ўсталяваныя 20 кастрычніка 1992 года. Амбасада Беларусі ў Абу-Дабі пачала працаваць у снежні 1999 года, ААЭ у Мінску — у кастрычніку 2008-га.

Падзяліцца: