Мінск 20:14

Ураджэнец Беларусі Гофман паўторна зацверджаны на пасаду кіраўніка “Масада”

Фота: wikipedia.org

27 траўня, Позірк. Камісія па высокапастаўленых прызначэннях пад старшынствам суддзі Ашэра Груніса 26 траўня паўторна зацвердзіла прызначэнне ўраджэнца Беларусі Рамана Гофмана на пасаду кіраўніка ізраільскай разведвальнай службы “Масад”, паведаміў партал newsru.co.il.

Камісія збіралася паводле рашэння Вышэйшага суда справядлівасці Ізраіля, каб заслухаць непаўналетняга ізраільцяніна Уры Эльмакайса і брыгаднага генерала “Масада” (імя не раскрываецца).

Прызначэнне Гофмана, ваеннага сакратара прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху, аспрэчвалася ў судзе пра яго меркаваную датычнасць да задзейнічання Эльмакайса ў разведвальнай аперацыі.

Старшыня камісіі Груніс зноў выступіў супраць прызначэння Гофмана, але, як і раней, застаўся ў меншасці.

Цяпер суд павінен прыняць рашэнне аб далейшым разглядзе справы.

Як паведамляецца, Нетаньяху выказаў надзею, што суд адхіліць пададзеныя супраць прызначэння Гофмана петыцыі і не стане затрымліваць яго ўступленне на пасаду адразу пасля завяршэння кадэнцыі цяперашняга кіраўніка “Масада” — “у разгар вайны на сямі франтах”.

Гофман павінен уступіць на пасаду 2 чэрвеня на пяцігадовы тэрмін.

12 красавіка стала вядома, што камісія зацвердзіла кандыдатуру Гофмана кіраўніком Службы выведкі і спецыяльных заданняў (“Масад”). Адзначалася, што ўказ аб прызначэнні Гофмана падпісаў Нетаньяху.

4 снежня 2025 года кіраўнік ураду абвясціў аб рашэнні прызначыць свайго ваеннага сакратара — ураджэнца Беларусі — генерал-маёра Рамана Гофмана наступным кіраўніком “Масада“.

Гофман быў першым прадстаўніком “вялікай аліі” (масавая рэпатрыяцыя яўрэяў і членаў іх сем’яў у Ізраіля з СССР і краін СНД, якая пачалася ў 1989 годзе і завяршылася на пачатку 2000-х), які атрымаў званне брыгаднага генерала (у 2019 годзе). Камандаваў 7-й бранятанкавай брыгадай “Саар мі-Галан“ і разгорнутай на Галанскіх вышынях 210-й тэрытарыяльнай дывізіяй “А-Башан”.

7 кастрычніка 2023 года, будучы камандуючым цэнтрам баявой падрыхтоўкі сухапутных войскаў, Гофман адправіўся ў Сдзярот, каб узяць удзел у адбіцці нападу палестынскай групоўкі ХАМАС на Ізраіль. Атрымаў цяжкае раненне. У красавіку 2024 года Гофман быў прызначаны ваенным сакратаром прэм’ера і стаў першым генерал-маёрам “вялікай аліі“.

Гофман нарадзіўся ў Мазыры (Гомельская вобласць) у 1976 годзе, рэпатрыяваўся ў Ізраіль разам з бацькамі ў 1990-м.

Выхадцамі з Беларусі былі таксама прэзідэнты Ізраіля Хаім Вейцман (першы кіраўнік дзяржавы), Залман Шазар і Шымон Перэс (таксама быў прэм’ер-міністрам), прэм’еры Менахем Бегін, Іцхак Шамір, “бацька“ сучаснага іўрыту Эліэзер Бэн-Іегуда і іншыя вядомыя ў Ізраілі асобы.

“Масад” — нацыянальная выведвальная служба Ізраіля, адна з асноўных трох спецслужбаў краіны разам з вайсковай выведкай і контрвыведкай. Знаходзіцца пад юрысдыкцыяй прэм’ер-міністра Ізраіля.

У сферу дзейнасці “Масада” ўваходзяць непасрэдна выведка, правядзенне розных аперацый пад прыкрыццём і контртэрарыстычных аперацый.

Ведамства працуе над выкананнем шэрагу ключавых задач, сярод якіх прадухіленне тэрактаў і дыверсій у дачыненні да яўрэяў і ізраільскіх аб’ектаў як унутры краіны, так і за мяжой, эвакуацыя і рэпатрыяцыя яўрэяў, якім пагражае небяспека, своечасовае выяўленне ваеннай пагрозы, процідзеянне ядзерным праграмам варожых Ізраілю краін.

У кастрычніку 2012 года экс-кіраўніку “Масада“ (2002–2011) Мэіру Дагану правялі ў Мінску паспяховую аперацыю па перасадцы печані, пасля якой ён пражыў яшчэ 3,5 года (памёр у сакавіку 2016-га ва ўзросце 71 года).

Падзяліцца: