Мінск 12:34

СК паведаміў пра расследаванне жорсткага забойства жанчыны ў Чэрыкаве — нападнік быў п’яны і не пакутаваў на псіхічнае расстройства

20 траўня, Позірк. Пра абставіны забойства з асаблівай жорсткасцю ў Чэрыкаве паведаміла ўпраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.

Паводле даных следства, ноччу 25 снежня 2025 года ў адным з прыватных дамоў раённага цэнтра 40-гадовы мясцовы жыхар, “знаходзячыся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення”, нанёс гаспадыні дома множныя ўдары кухонным нажом і “іншымі прадметамі, якія знаходзіліся на кухні”. Пацярпелая памерла на месцы ад вострай кровастраты і гемарагічнага шоку — за дзень да свайго 47-годдзя.

“Следчыя ўстанавілі, што пасля забойства з-за ўзніклай асабістай непрыязнасці фігурант здзейсніў таксама здзек над трупам. Ён пасмяротна прычыніў загінулай множныя колата-рэзаныя раненні, пасля чаго пашкодзіў частку мяккіх тканін і органаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Згодна з заключэннем псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, абвінавачаны “не пакутаваў і не пакутуе на псіхічнае расстройства”. У момант здзяйснення злачынства “мог ўсведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі”.

На допыце мужчына патлумачыў, што ўвечары 24 снежня прыйшоў у госці да сяброўкі — былой жонкі стрыечнага брата — каб абмеркаваць яе асабістыя праблемы. Пасля сумеснага ўжывання алкаголю ён пачаў прыставаць да жанчыны, але атрымаў адмову — гэта выклікала агрэсію. Пасля злачынства ён “паспрабаваў схаваць сляды: спаліў свае рэчы і абутак“.

Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя па п. 6 ч. 2 арт. 139 (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю) і ч. 1 арт. 347 (здзек над трупам) Крымінальнага кодэкса. Раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзеж, на наркалагічным і псіхіятрычным уліку не знаходзіцца. Віну прызнаў цалкам, адзначаецца ў рэлізе.

Падзяліцца: