Жыхар Мінска абвінавачаны ў забойстве гаспадыні арэнднага жылля і продажы яе кватэры — справа рухаецца да суда

19 траўня, Позірк. 48-гадоваму жыхару Мінска выстаўленыя абвінавачанні ў забойстве, крадзяжы і махлярстве (арт. 139, 205 і 209 КК адпаведна), справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд, паведаміла 19 траўня прэс-служба Следчага камітэта.
Паводле інфармацыі ведамства, “каля пяці гадоў таму фігурант пазнаёміўся з 66-гадовай жыхаркай сталіцы і арандаваў у яе пакой, плаціў сімвалічнай сумай і прадуктамі харчавання”.
“Неўзабаве паміж імі сталі ўзнікаць канфлікты на фоне ўжывання спіртнога, — гаворыцца ў паведамленні. — У сакавіку 2024 года падчас чарговай сваркі агрэсар страціў над сабой кантроль: ён штурхнуў гаспадыню на падлогу, нанёс некалькі ўдараў па твары і целе, а пасля задушыў яе”.
Мужчына, як заяўлена, “вырашыў схаваць злачынства” і закапаў цела ў лесе ў Мінскай вобласці. Дакументы забітай ён забраў сабе. “Спалохаўшыся, што пенсіянерку пачнуць шукаць”, фігурант справы “інсцэнаваў яе ад’езд і, каб не выклікаць падазрэнні, вырашыў атрымліваць яе пенсію”.
“Для рэалізацыі задуманага жыхар Мінска арганізаваў ашуканскую схему: знайшоў жанчыну, знешне падобную да забітай, і пераканаў яе наведаць натарыяльную кантору за грашовую ўзнагароду, — паведаміў СК. — Ён распавёў ёй выдуманую гісторыю пра “цётку”, якая нібы жывае за мяжой, пацярпела ад інсульту і не можа асабіста аформіць дакументы. Калі даверанасць была гатовая, ён змог распараджацца банкаўскімі ўкладамі, рахункамі, а таксама іншай маёмасцю сваёй ахвяры. Пасля фігурант аформіў банкаўскую карту і на працягу доўгага часу здымаў пенсію пенсіянеркі, выдаткоўваючы грошы на асабістыя патрэбы. <…> Агульная сума выкрадзеных сродкаў перавысіла 9.800 рублёў”.
“Кульмінацыяй злачыннага намеру” ведамства назвала продаж сталічнай кватэры “рынкавым коштам больш за 300 тыс. рублёў”. Адзначаецца, што “рэалізаваць нерухомасць на падставе даверанасці не атрымлівалася”, бо “патэнцыйныя пакупнікі адмаўляліся ад здзелкі, калі даведваліся, што мужчына не з’яўляецца ўласнікам” жылля.
“Тады фігурант прапанаваў свайму знаёмаму, перад якім меў фінансавы доўг, падпісаць фіктыўны дагавор куплі-продажу, каб паскорыць продаж, і запэўніў, што пазней знойдзе рэальнага пакупніка і верне грошы з выручаных сродкаў. Для афармлення здзелкі ў кадастравым агенцтве абвінавачаны прад’явіў рэгістратару даверанасць даверанасць на кіраванне маёмасцю забітай, і здзелка куплі-продажу была зарэгістраваная”, — гаворыцца ў паведамленні.
Праўда адкрылася пасля таго, як жанчыну пачалі шукаць сваякі. Высветлілася, што тая шмат гадоў не мела зносін з сям’ёй. Камунальныя паслугі аплачваў яе сын, які жыве за мяжой. Калі ў лістападзе 2025 года ён “выявіў, што маці выпісаная з уласнай кватэры”, папрасіў дапамагчы з яе пошукамі блізкіх, якія жывуць у Мінскім раёне. Не даўшы рады з тым, каб звязацца з жанчынай, тыя звярнуліся ў міліцыю.
Неўзабаве фігурант справы быў затрыманы і на допыце “прызнаўся ў здзейсненым злачынстве”, а пасля “паказаў месца, дзе схаваў труп”. Падчас расследавання таксама высветлілася, што ў кастрычніку 2025 года мужчына “скраў абутак у адным з гандлёвых цэнтраў сталіцы, чым нанёс шкоду арганізацыі на суму больш як 400 рублёў”.
“Раней ён быў асуджаны за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, а таксама за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання”, — гаворыцца ў паведамленні.
Мужчына змешчаны пад варту.


- Грамадства, ПалітыкаЗ канца красавіка МУС Грузіі чатыры разы паведамляла пра выправаджэнне замежнікаў, сярод якіх былі беларусыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваУ Беларусі зарастаюць балоты, вадаёмы засяляюць чужародныя віды рыб — навуковецМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаУ Беларусі зніжаюцца тэмпы жыллёвага будаўніцтваМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаСярэднясутачны паказчык міграцыйнага ціску на мяжы ЕС з Беларуссю ў траўні вышэйшы, чым у рэкордным красавікуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 16–18 траўня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
