Мінск 11:33

РФ збіраецца “адпрацаваць пытанні выкарыстання” размешчанай у Беларусі ядзернай зброі

Расійская ТЯЗ
Ілюстрацыйнае фота: Міністэрства абароны РФ

19 траўня, Позірк. “Пытанні сумеснай падрыхтоўкі і выкарыстання ядзернай зброі, размешчанай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, будуць адпрацаваныя ў рамках трохдзённых вучэнняў, што распачаліся 19 траўня ва Узброеных сілах РФ, вынікае з паведамлення расійскага ваеннага ведамства.

Манеўры, як заяўлена, прысвечаныя “падрыхтоўцы і выкарыстанню ядзерных сіл ва ўмовах пагрозы агрэсіі”.

Сярод іншага адзначана, што падчас “практычных дзеянняў войскаў плануюцца мерапрыемствы па прывядзенні ў гатоўнасць да выканання задач шэрага злучэнняў і вайсковых часцей ядзерных сіл і іх усебаковага забеспячэння, а таксама правядзенні пускаў балістычных і крылатых ракет па палігонах на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі”.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла пра пачатак трэніроўкі вайсковых часцей баявога выкарыстання ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння 18 траўня. Было заяўлена, што вучэнні праводзяцца ў “інтарэсах падвышэння гатоўнасці Узброеных сіл да выкарыстання сучасных сродкаў паражэння, у тым ліку спецыяльных боепрыпасаў”.

Кіруе манеўрамі начальнік Генеральнага штаба УС — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка.

Адзначалася, што ў рамках вучэнняў плануецца “ўдасканаліць узроўні падрыхтоўкі асабовага складу”, а таксама правесці “праверку ўзбраенняў, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі да выканання задач і арганізацыю баявога выкарыстання з пазапланавых раёнаў”.

“Для правядзення мерапрыемства прыцягваюцца вайсковыя часці ракетных войскаў і авіяцыі. Падчас трэніроўкі ва ўзаемадзеянні з расійскім бокам плануецца адпрацаваць пытанні дастаўкі ядзерных боепрыпасаў і падрыхтоўкі іх да выкарыстання”, — гаварылася ў паведамленні ведамства.

Галоўнай асаблівасцю трэніроўкі названая “праверка гатоўнасці да выканання задач баявога выкарыстання з непадрыхтаваных раёнаў на ўсёй тэрыторыі”.

“Асноўны ўпор будзе зроблены на адпрацоўку пытанняў незаўважнасці, перамяшчэння на значныя адлегласці, правядзення разлікаў для прымянення сіл і сродкаў. Трэніроўка з’яўляецца планавым мерапрыемствам падрыхтоўкі ў рамках Саюзнай дзяржавы, не скіраваная супраць трэціх краін і не нясе пагроз бяспецы ў рэгіёне”, — падкрэсліла беларускае міністэрства.

З жорсткай крытыкай сумесных беларуска-расійскіх ядзерных вучэнняў выступіла 18 траўня МЗС Украіны, назваўшы манеўры, а таксама сам факт размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі “беспрэцэдэнтным выклікам архітэктуры глабальнай бяспекі”.

У Кіеве заклікалі да “рэзкага ўзмацнення санкцыйнага ціску на Маскву і Мінск”.

Аляксандр Лукашэнка ды іншыя беларускія афіцыйныя асобы неаднаразова фактычна пагражалі іншым краінам выкарыстаннем тактычнай ядзернай зброі і паўтаралі тэзу пра магчымасць яе задзейнічання ў абарончых мэтах у адказ на магчымы напад.

Падзяліцца: