Мінск 14:17

Мінлясгас паведаміў яшчэ аб адным пажары на мяжы з Украінай — за 30 метраў ад беларускай тэрыторыі

Ілюстрацыйнае фота: dront.ru

8 траўня, Позірк. Пра “пагрозу трансгранічнага пажару” паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі.

“За 30 метраў ад мяжы Беларусі палае лес ва Украіне”, — адзначае ведамства.

Падкрэсліваецца, што “гэта не пажар з зоны адчужэння, пра які паведамлялася раней, а новае ўзгаранне”.

“У зоне рызыкі — Мілошавіцкі лясгас Гомельскай вобласці.  Работнікі лясной гаспадаркі сочаць за сітуацыяй”, — удакладняе Мінлясгас.

Раней паведамлялася аб маштабным пажары ў зоне Чарнобыльскай АЭС. Паводле даных Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях, арыенціровачна плошча ўзгарання перавышае 1,1 тыс. га, пры гэтым з-за моцных парываў ветру агонь “імкліва распаўсюджваецца па тэрыторыі, ахопліваючы новыя прасторы ляснога масіва”.

Мінлясгас Беларусі паведаміў, што лясны пажар у зоне адчужэння на тэрыторыю краіны не перакінуўся.

“Афіцыйна заяўляем: на тэрыторыі Беларусі агню няма. Пагрозы пакуль таксама няма. Да мяжы з нашай краінай — 7 кіламетраў. Мінлясгас уважліва сочыць за становішчам у суседняй дзяржаве”, — адзначылі ў ведамстве.

Падзяліцца: