Мінск 21:24

Журналіст Павел Дабравольскі адбывае тэрмін у шклоўскай ПК № 17

Павел Дабравольскі
Фота: інстаграм-акаўнт Паўла Дабравольскага

24 красавіка, Позірк. Як стала вядома Позірку, журналіст Павел Дабравольскі, абвінавачаны ў “здрадзе дзяржаве“ (арт. 356 КК), адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 17 у Шклове (Магілёўская вобласць).

Вырак Дабравольскаму — 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму — вынес Мінскі гарадскі суд 6 сакавіка 2026 года. Працэс працягваўся восем дзён. Журналіст адмовіўся абскардзіць рашэнне суда.

Дабравольскі быў затрыманы ў Мінску 22 студзеня 2025 года, праз 10 дзён пасля свайго 35-годдзя.

Абвінавачанне было звязанае з прафесійнай дзейнасцю журналіста падчас масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Дабравольскі раней працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі). Яго апошняе месца працы ў Беларусі — незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН, частка супрацоўнікаў якой у лістападзе 2021 года, напярэдадні яе 30-годдзя, рашэннем КДБ была прызнаная “экстрэмісцкім фарміраваннем“.

30 кастрычніка 2020 года журналіст быў затрыманы ў сваёй кватэры і затым арыштаваны на 15 сутак.

Паводле адкрытай інфармацыі ў акаўнтах Дабравольскага ў сацыяльных сетках, пасля ад’езду з Беларусі ў канцы 2021 года ён падарожнічаў па розных краінах, у тым ліку Іране і Расіі, быў у Паўднёвай Амерыцы, дзе пацярпеў ад рабаўнікоў. У кастрычніку 2024 года вярнуўся ў Мінск.

Акаўнт журналіста ў “Тэлеграме” актываваўся пасля яго арышту мінімум тройчы — 11 сакавіка, 18 і 26 красавіка 2025 года. Цяпер акаўнта ў мэсэнджары няма.

Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам (артыкулы 119 і 120), узмоцнены рэжым прадугледжвае:

– тры кароткатэрміновых і два працяглых спатканні ў год,

– атрыманне трох пасылак або перадач і двух бандэроляў або двух дробных пакетаў на працягу года,

– штомесячны расход на прадукты і прадметы першай неабходнасці сумы ў памеры 5 базавых велічынь, у 2026 годзе гэта 225 рублёў.

26 лютага 2026 года за “здраду дзяржаве” вялікія тэрміны пазбаўлення волі атрымалі былыя кіраўнікі баранавіцкага незалежнага СМІ Intex-Press Уладзімір Янукевіч (14 гадоў) і Андрэй Пакаленка (12).

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), у няволі ўтрымліваецца не менш за 23 супрацоўнікі айчынных СМІ.

У сувязі з новымі прысудамі журналістам БАЖ заклікала павялічыць увагу да Беларусі і патрабаваць ад уладаў неадкладна спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітвязняў.

Вызваліць Дабравольскага і астатніх журналістаў запатрабаваў Камітэт па абароне журналістаў (CPJ).

Падзяліцца: