Мінск 19:13

“Беларуская Рада культуры” і аб’яднанне “ІншыЯ” прызнаны “экстрэмісцкімі фармаваннямі”

Ілюстрацыі на старонках арганізацый у "Фэйсбуку" / калаж: "Позірк"

24 красавіка, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі 9 красавіка прызнаў ініцыятыву “Беларуская Рада культуры” (БРК) і аб’яднанне “ІншыЯ” “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”, вынікае з абноўленага 24 красавіка пераліку на сайце МУС Беларусі.

КДБ мяркуе, што да першай арганізацыі маюць дачыненне 11 чалавек: Сяргей Будкін, Эліна Калнібалоцкая, Алена Рыдзеўская, Надзея Гарэцкая, Цімафей Акудовіч, Бажэна Ліс, Алена Тур, Кацярына Раманчык, Алена Варанец, Ірына Лукашэнка і Вольга Мжэльская. Згаданыя таксама асобныя праекты БРК, адпаведныя сайты і старонкі ў сацыяльных сетках.

Адметна, што 7 чэрвеня 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў ужо прызнавала “экстрэмісцкім фарміраваннем” групу грамадзян, аб’яднаных сайтам ініцыятывы “Беларуская Рада культуры” (byculture.org) і яе супольнасцямі ў сацсетках і мэсэнджарах. Тады ў спіс былі ўключаныя тэлеграм-канал BY_culture і чат BY_culture_comments, ютуб-канал “Беларуская рада культуры”, старонка ў “Фэйсбуку” пад назвай BCC/Belarusian Council for Culture, суполкі ў “Твітары” (цяпер — Х) і “Інстаграме” — Belarusian Council for Culture і by_culture адпаведна.

Кантэнт сайта БРК і яе старонак у сацсетках быў прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі” ў верасні 2022 года.

Датычнымі да аб’яднання “ІншыЯ” КДБ лічыць Дзмітрыя Радзіеўскага і Марыну Штрахаву; пералічаныя звязаныя з ініцыятывай інтэрнет-рэсурсы.

“ІншыЯ” — беларуская моладзевая арганізацыя, заснаваная 4 сакавіка 2022 года. Сваёй місіяй лічыць “развіццё інклюзіўнага і талерантнага грамадства, у якім кожны можа быць сабой і не зазнаваць дыскрымінацыю”.

У спісе “экстрэмісцкіх фарміраванняў” на сайце МУС 362 пазіцыі.

Падзяліцца: