Мінск 22:42

У Віцебску сілавікі трэніраваліся душыць пратэсты, затрымліваць “каардынатараў” і прэсу

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

24 красавіка, Позірк. “Спыненне масавых беспарадкаў”, у тым ліку “з блакаваннем дарог і барыкадамі”, а таксама “пошук і затрыманне каардынатараў пратэстаў” адпрацоўваліся на комплексных камандна-штабных вучэннях у Віцебску, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

За вучэннямі 23 і 24 красавіка назіралі кіраўнік МУС Іван Кубракоў, яго намеснік — камандуючы ўнутранымі войскамі (УВ) Мікалай Карпянкоў. Іх тэмай была заяўлена арганізацыя дзейнасці АУС і УВ “па спыненні групавых парушэнняў грамадскага парадку або масавых беспарадкаў, а таксама экстрэмісцкіх дзеянняў”.

Кіраўніцтва міністэрства такім чынам хацела праверыць гатоўнасць падраздзяленняў да “дзеянняў у асаблівых умовах”.

Адзін з этапаў вучэнняў прайшоў на тэрыторыі гандлёвага цэнтра “Эвіком”. Аб’ект быў зачынены, жыхароў папярэдзілі, што “могуць быць чутныя гукі выбухаў і стрэлаў”.

“Уступныя” другога дня вучэнняў “уключалі ў сябе спыненне масавых беспарадкаў, у тым ліку з блакаваннем дарог і барыкадамі, а таксама вызваленне захопленых у гандлёвым цэнтры закладнікаў”.

У відэароліку, апублікаваным МУС, сярод іншага паказана, як сілавікі трэніруюцца затрымліваць журналістаў.

Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Міхаіл Бедункевіч напрыканцы сакавіка заяўляў, што “пратэстнай масы” ў Беларусі сёння “практычна няма”, аднак “маюцца асобы, якія або засвяціліся ў дэструктыўных дзеяннях, альбо аказвалі дапамогу замежным радыкальным ініцыятывам, перадаючы інфармацыю”.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі, якія рэжым Аляксандра Лукашэнкі распачаў пасля брутальнага здушэння пратэстаў, выкліканых фальсіфікацыяй выбараў 2020 года і жорсткасцю сілавікоў, не спыняюцца дагэтуль.

Падзяліцца: