Мінск 18:08

КДК паведаміў пра пачатак 16 крымінальных спраў за выплату “шэрых” заробкаў у сферы перавозак таксі

Ілюстрацыя: sb.by

30 студзеня, Позірк. Пра пачатак 16 крымінальных спраў у дачыненні да пяці кіраўнікоў і іншых службовых асоб кампаній, якія займаюцца перавозкамі на таксі ў Мінску і Мінскай вобласці, паведаміў 30 студзеня Камітэт дзяржаўнага кантролю.

“Выкрыта маштабная супрацьпраўная схема ў сферы пасажырскіх перавозак, звязаная з выплатай заробкаў “у канвертах” арганізацыямі-таксі, — гаворыцца ў прэс-рэлізе. — Спыненая супрацьпраўная дзейнасць па выплаце “шэрых” заробкаў у 16 сталічных кампаніях-таксі. Грошы “ў канвертах” атрымлівалі больш за 4 тыс. кіроўцаў”.

Сцвярджаецца, што таксісты пры выкананні заказу наяўныя ад кліентаў пакідалі сабе ў якасці “шэрага” заробку, гэтыя сумы нідзе не ўлічваліся. “У тых выпадках, калі гэтых сродкаў для выплаты заробку было недастаткова (напрыклад, вялікая колькасць паездак аплачвалася пасажырамі картай), у офісах кампаній кіроўцам дадаткова выдавалі грошы “ў канвертах” у выглядзе раней пераведзеных у гатоўку грашовых сродкаў”, — заявіў КДК.

Калі за паездку пасажыры плацілі безнаяўным спосабам, кіраўнікі кампаній частку сродкаў пераводзілі ў гатоўку праз карпаратыўныя карты з фіктыўным прызначэннем “на гаспадарчыя патрэбы”. Для пацвярджэння фіктыўных прызначэнняў і нібыта панесеных выдаткаў службовыя асобы “чорных” таксапаркаў бралі чэкі і дакументы аб аплаце ў знаёмых на АЗС, СТА, аўтамыйнях і г.д., пасля чаго змяшчалі іх у бухгалтарскі і падатковы ўлік кампаній, гаворыцца ў паведамленні.

КДК падлічыў, што таксапаркі не сплацілі падаходны падатак з фізічных асоб на суму больш за 5 млн рублёў. У цяперашні час “разлічваецца сума абавязковых плацяжоў, не сплачаных імі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва”.

“Падазраваныя затрыманыя, даюць паказанні і пакрываюць прычынены ўрон. На іх маёмасць і грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на разліковых рахунках кампаній, накладзены арышт”, — паведамляе КДК.

Падзяліцца: