Мінск 19:07

Беларуская мытня абураная тым, што Літва ўжо двойчы закрывала мяжу без папярэджання

Ілюстрацыйнае фота: rawpixel.com / freepik.com

25 кастрычніка, Позірк. Закрыць мяжу “наогул без папярэджання” — гэта “беспрэцэдэнтныя дзеянні”, заявіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі 25 кастрычніка ў эфіры “Першага інфармацыйнага” тэлеканала, каментуючы часовае прыпыненне руху праз літоўскія пункты пропуску.

“За апошні тыдзень літоўскі бок двойчы закрываў мяжу з Беларуссю — у абодвух пунктах пропуску, — заявіў чыноўнік. — 22 кастрычніка мяжа была закрытая з ініцыятывы літоўскага боку на 6 гадзін. І ў гэтую ноч, практычна апоўначы, цалкам прыпынілі рух у пунктах пропуску Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). Прычым зрабілі яны гэта без папярэджання — як першы, так і другі раз”.

“Такія дзеянні сталі поўнай нечаканасцю для асоб, якія перасякаюць мяжу, асабліва для фізічных асоб. Гэта ўчыніла пэўныя праблемы ў перасячэнні, стварыліся дадатковыя чэргі. Людзі не ведалі, што далей рабіць, куды ісці, калі будзе адкрыта мяжа”, — дадаў ён.

Паводле слоў Арлоўскага, за паўсутак прастою пунктаў пропуску “чарга транспартных сродкаў у чаканні значна павялічылася (асабліва па фізічных асобах)”, праходжанне імі мяжы “зойме даволі значны час”.

“Заторы маюцца. Калі для грузавых транспартных сродкаў гэта ўжо звычайная гісторыя (бо літоўскі бок вельмі марудна прымае грузавікі — каля 50–60 фур праз адзін пункт пропуску — у 10 разоў менш за прапускную здольнасць), то вось гэтыя паўсутак адсутнасці руху адаб’юцца, але не моцна. А вось па легкавых машынах, як правіла, чарга не больш за суткі, але праз вось гэтае закрыццё людзі будуць стаяць на мяжы даўжэй”, — заявіў кіраўнік ДМК.

Адметна, што чыноўнік ані разу не згадаў прычыну, з якой Вільнюс вырашыў часова закрыць мяжу. Як у першым, так і ў другім выпадку, гэта было зроблена праз масавы прылёт з Беларусі ў Літву метэаралагічных шароў, падобных да тых, якія кантрабандысты выкарыстоўваюць для нелегальнай дастаўкі цыгарэт. З’яўленне аэрастатаў у абодвух выпадках парушала працу аэрапортаў: 22 кастрычніка — у Вільнюсе, у ноч на 25 кастрычніка — у Вільнюсе і Каўнасе (з той жа прычыны вільнюскі аэрапорт прыпыняў працу ў ноч на 5 кастрычніка, але тады мяжа не закрывалася).

Пасля апошняга інцыдэнту прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене анансавала новае пасяджэнне Камісіі па нацыянальнай бяспецы на наступным тыдні, падчас якога плануецца “ацаніць наступствы ўжо прынятых рашэнняў і абмеркаваць, якія яшчэ захады можна зрабіць у кароткатэрміновай перспектыве, каб нанесці шкоду як кантрабандыстам, так і рэжыму Лукашэнкі, які дазваляе ім бясчынстваваць”.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская назвала інцыдэнты з аэрастатамі сведчаннем таго, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі “выкарыстоўвае кантрабанду як інструмент гібрыднай атакі супраць Еўропы”. Паводле яе слоў, рэжым “ператварыў вытворчасць і нелегальны вываз цыгарэт у частку сваёй палітычнай і эканамічнай стратэгіі”; грошы ад кантрабанды “ідуць не крымінальным групоўкам, а непасрэдна ў рэжымныя “гаманцы”.

Палітык падтрымала “крокі Літвы і яе партнёраў, скіраваныя на ўзмацненне санкцый супраць вытворцаў, перавозчыкаў і арганізатараў кантрабанды”, але заклікала “пакінуць адкрытымі гуманітарныя і пасажырскія пераходы для сумленных беларусаў і тых, хто ўцякае ад рэпрэсій”.

Літва адкрыла мяжу з Беларуссю (дапоўнена)

25 кастрычніка, Позірк. Апоўдні 25 кастрычніка Літва аднавіла пропуск транспартных сродкаў на мяжы з Беларуссю, вынікае з паведамлення літоўскай Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ). "З 12 гадзін дня суботы на падставе рашэння кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустама Любаева …
Падзяліцца: