Мінск 15:59

Літва адкрыла мяжу з Беларуссю (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: САДМ Літвы

25 кастрычніка, Позірк. Апоўдні 25 кастрычніка Літва аднавіла пропуск транспартных сродкаў на мяжы з Беларуссю, вынікае з паведамлення літоўскай Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ).

“З 12 гадзін дня суботы на падставе рашэння кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустама Любаева была адноўлена праверка і пропуск асоб і транспартных сродкаў праз кантрольна-прапускныя пункты Мядзінінкай і Шальчынінкай на мяжы з Беларуссю, — заявіла ведамства. — Такое рашэнне было прынятае пасля ацэнкі сітуацыі і наяўнай інфармацыі з пункту гледжання бяспекі”.

САДМ адзначыла, што прынятае напярэдадні ўвечвары рашэнне прыпыніць рух праз мяжу ў абодвух напрамках, было скіраванае на “гарантаванне бяспекі Літвы, звязанае з паветранымі шарамі, якія заляцелі ў Літву з Беларусі ўвечары ў пятніцу”.

“За больш чым паўсутак, пакуль пункты Мядзінінкай і Шальчынінкай былі закрытыя, паводле папярэдніх звестак, у іх раёне не было зафіксавана асаблівых інцыдэнтаў або канфліктаў паміж кіроўцамі, якія чакалі пропуску”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, на 12:00 25 кастрычніка ў электроннай чарзе пункта пропуску Каменны Лог (з літоўскага боку Мядзінінкай) было 840 грузавікоў, 90 легкавых аўтамабіляў і 15 аўтобусаў, у чарзе пункта Беняконі (Шальчынінкай) — 750 фур і 80 легкавых аўто.

Як паведамляў “Позірк”, 24 кастрычніка ў 21:30 Літва зноў закрыла мяжу з Беларуссю — праз прылёт паветраных шароў з беларускага боку. Адкрыць мяжу планавалася апоўдні 25 кастрычніка, што і адбылося.

Праз з’яўленне аэрастатаў закрываліся аэрапорты Вільнюса і Каўнаса, самалёты перанакіроўвалі ў Палангу (Літва), Рыгу (Латвія), Катовіцэ, Гданьск (Польшча).

Паводле інфармацыі прэм’ер-міністра краіны Інгі Ругінене, з Беларусі ў Літву “зноў была запушчана вялікая група кантрабандных метэазондаў”.

“Службы працуюць у адпаведнасці з рашэннямі, прынятымі на пасяджэнні Камісіі нацыянальнай бяспекі на гэтым тыдні. Камісія зноў збярэцца на наступным тыдні, каб ацаніць наступствы ўжо прынятых рашэнняў і абмеркаваць, якія яшчэ захады можна зрабіць у кароткатэрміновай перспектыве, каб нанесці шкоду як кантрабандыстам, так і рэжыму Лукашэнкі, які дазваляе ім бясчынстваваць”, — паведаміла кіраўніца кабінета.

Паводле яе слоў, цяпер самае галоўнае — не дапусціць пагрозы насельніцтву Літвы, таму прымаюцца адпаведныя рашэнні.

Упершыню мяжу з Беларуссю праз зонды Літва закрыла ўначы 22 кастрычніка. Транспартныя сродкі не афармляліся да раніцы.

Галоўны дарадца прэзідэнта Літвы Дэйвідас Матулёніс заявіў, што мяжа можа быць закрытая на больш працяглы тэрмін.

Падзяліцца: