Мінск 23:25

Падтрымаць незалежных журналістаў заклікала Ціханоўская ў Сусветны дзень свабоды друку

Архіўнае фота: "Позірк"

3 траўня, Позірк. Падтрымаць незалежных журналістаў заклікала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў Сусветны дзень свабоды друку, які адзначаецца 3 траўня.

“Пачала сённяшнюю раніцу, як і многія іншыя, з [ютуб-шоў] “Обычное утро”. Прабеглася па навінах, праверыла апошнія звесткі пра рэпрэсіі, — напісала палітык у сваім тэлеграм-канале. — Гэта ўжо стала звычкай — нават у дні візітаў, калі графік напоўнены сустрэчамі і выступамі. Але ў тым ліку дзякуючы працы незалежных медыя я магу распавядаць пра Беларусь на самым высокім узроўні” 

Паводле слоў Ціханоўскай, рэжым у Беларусі помсціць журналістам. “Ён пазбавіў волі дзясяткі прафесіяналаў: Ларысу Шчыракову, Ігара Лосіка, Марыну Золатаву, Кацярыну Андрэеву і многіх іншых. Іх асудзілі не за злачынствы, а за тое, што яны выкрывалі карупцыю, дакументавалі гвалт, паказвалі тое, што ўлада хацела схаваць”, — канстатавала дэмлідар.

Палітык адзначыла, што свабода прэсы — гэта “не толькі пра журналістаў”, але “пра тое, што важна ведаць” усім беларусам, “пра тое, што адбываецца ў <…> гарадах і вёсках, школах і шпіталях”. Гэта, на яе думку, “гарантыя таго, што праблемы не знікнуць у цішыні і будуць мець шанец на вырашэнне”.

Журналістыка, падкрэсліла Ціханоўская, “павінна служыць людзям”, “ставіць нязручныя пытанні і патрабаваць адказаў ад тых, хто прымае рашэнні”.

Дэмлідар нагадала, што “сотні беларускіх журналістаў вымушаныя былі пакінуць краіну”. “Але нават у выгнанні яны працягваюць сваю працу — насуперак ціску, рэпрэсіям, “экстрэмісцкім” штампам, — адзначыла яна. — Я захапляюся тым, як яны працягваюць шукаць, разбірацца, тлумачыць: чаму растуць кошты? Чаму чэргі ў паліклініках? Як і дзе Расія ўмацоўвае сваю прысутнасць у Беларусі? Яны расказваюць пра тое, пра што дзяржаўныя СМІ або маўчаць, або скажуць толькі тое, што “спусцілі зверху”.

“І мы можам падтрымаць незалежных журналістаў: чытаць, а калі бяспечна — каментаваць, падпісвацца, распавядаць іншым, данаціць. Бо пакуль жыве незалежная журналістыка — жыве сувязь паміж намі. Мы ведаем, што адбываецца ў Лепелі, Івацэвічах, Чавусах. І гэта робіць нас трошкі бліжэйшымі адно да аднаго”, — дадала Ціханоўская.

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) у Сусветны дзень свабоды прэсы запатрабавала ад уладаў у Мінску вызваліць супрацоўнікаў медыя, якія знаходзяцца за кратамі.

“Наша сітуацыя з правамі медыя застаецца найгоршай у Еўропе. Пасля татальных рэпрэсій, што пачаліся з 2020 года, праз затрыманні, арышты і пераслед прайшлі больш за 500 беларускіх калег. Сёння БАЖ вядома пра 40 журналістаў і журналістак, якія знаходзяцца ў турмах Лукашэнкі. І гэта, на жаль, не поўны спіс”, — гаворыцца ў паведамленні.

Журналісты працягваюць зазнаваць пагрозы, фактычна не маючы механізмаў абароны правоў — намеснік кіраўніка БАЖ

2 траўня, Позірк. Беларускія журналісты ўнутры краіны і па-за яе межамі працягваюць зазнаваць пагрозы, заявіў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), юрыст Алег Агееў 2 траўня ў Вільнюсе на форуме "Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ". Сустрэча арганізаваная БАЖ, …
Падзяліцца: