Мінск 19:57

Праз атаку БПЛА масава адмяняліся і пераносіліся авіярэйсы паміж Масквой і Беларуссю

Ілюстрацыйнае фота: "Белавія"

23 кастрычніка, Позірк. Адмены і затрымкі авіярэйсаў паміж Менскам і Масквой зафіксаваныя 23 кастрычніка на фоне масавага закрыцця аэрапортаў у сталіцы РФ праз атаку беспілотнікаў.

У прыватнасці, адменены рэйс “Белавія” B2 957 з Мінска ў маскоўскі аэрапорт Дамадзедава, ён павінен быў вылецець у 10:00 і прыбыць у 11:25.

Рэйс “Аэрафлота” SU 1836 з аэрапорта Шарамеццева павінен быў прызямліцца ў Мінску ў 16:20, аднак таксама быў адменены.

Акрамя таго, паводле даных анлайн-табло Нацыянальнага аэрапорта Мінск, рэйс B2 976 з Шарамеццева ў сталіцу Беларусі, запланаваны на 9:50, вылецеў у 12:23 па маскоўскім часе, а прыбыў у 13:55.

На табло аэрапорта таксама ўказана, што рэйс “Белавія” B2 977 у Шарамеццева, запланаваны на 19:55, затрыманы да 20:55.

На 23 кастрычніка быў запланаваны таксама рэйс “Белавія” B2 991 з Гомеля ў Шарамеццева. Вылецець ён павінен быў у 17:15, але затрыманы да 20:45.

Затрымкі зафіксаваныя і на іншых кірунках. У прыватнасці, рэйс “Белавія” B2 8106 з Анталлі (Турцыя) у Мінск вылецеў на 4 гадзіны 30 хвілін пазней раскладу — у 13:30 замест 9:00.

Рэйс “Белавія” B2 8192 з Анталлі павінен быў прыбыць у Мінск 23 кастрычніка ў 11:50, але прыбыў у 14:19.

На працягу дня Расавіяцыя ўводзіла часовыя абмежаванні на прыём і адпраўку самалётаў ва ўсіх чатырох маскоўскіх аэрапортах — Шарамеццева, Дамадзедава, Унукава і Жукоўскім.

У Шарамеццева абвяшчалася паветраная трывога, пасажыраў накіроўвалі ў бяспечныя зоны і хованкі. Паведамляецца, што адзін з дронаў упаў на тэрыторыі аэрапорта.

У 17:15 (мінскі час) Расавіяцыя абвясціла аб зняцці абмежаванняў.

Падзяліцца: