Мінск 10:35

Ціханоўская: Кіеў стаў прыфрантавым горадам, іншыя еўрапейскія гарады могуць стаць наступнымі

9 кастрычніка, Позірк. “Кіеў стаў прыфрантавым горадам, а іншыя еўрапейскія гарады могуць рушыць услед за ім“, — заявіла дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская 8 кастрычніка, рэагуючы на наступствы масіраванага расійскага ракетна-дронавага ўдару, які адбыўся напярэдадні.

Сама меней 32 чалавекі загінулі, у тым ліку дзеці, нагадала палітык. “Трэба ўзмацніць ціск на Расію і павялічыць падтрымку Украіны, каб яна магла абараняць сваю паветраную прастору і атрымаць перамогу“, — напісала яна ў X.

Пазней Ціханоўская адрэагавала на паведамленне аб удары Расіі па двух пасажырскіх аўтобусах у Краматорску (Данецкая вобласць; паводле апошніх даных, загінула 33 чалавекі, яшчэ 18 паранена): “Мае найглыбейшыя спачуванні іх сем’ям. Маё сэрца з параненымі і ўсімі ўкраінцамі, якія сутыкаюцца з гэтым тэрорам. Расію неабходна спыніць“.

7 кастрычніка РФ нанесла па Украіне масіраваны ракетна-дронавы ўдар. У выніку атакі, акрамя згаданых смяротных ахвяр, больш за сто чалавек атрымала раненні. Найбольшая колькасць загінулых зафіксавана ў Прылуках Чарнігаўскай вобласці (22 чалавекі) і сталіцы (шэсць).

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Напад пачаўся, у тым ліку, з беларускай тэрыторыі.

Гэта самы маштабны канфлікт у Еўропе пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. 

Падзяліцца: